Малітоўная сустрэча Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота Малітоўная сустрэча Тэзэ. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да ўдзельнікаў сустрэчы Тэзэ: быць укаранёнымі ў веры

Разам адкрыць, што ўкаранёнасць у веры кліча выйсці насустрач іншым, адказваючы на выклікі нашых грамадстваў, - заклікаў Папа ўдзельнікаў 42-й Еўрапейскай сустрэчы Тэзэ.

Чарговы этап “Пілігрымкі даверу на зямлі” пройдзе ў польскім Уроцлаве з 28 снежня 2019 г. да 1 студзеня 2020 г. У ім прымуць удзел каля 20 тыс. юнакоў і дзяўчат розных канфесій ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Яны прыбудуць з 70 краін свету, пераважна з еўрапейскага кантынента. Каля 10 тыс. з іх – з розных гарадоў Польшчы. Тэма форума: “Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў”.

Францішак прывітаў моладзь у спецыяльным пасланні, якое скіраваў за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Ён запэўніў, што суправаджае сустрэчу сваёй малітвай і заклікаў яе ўдзельнікаў разам з польскімі хрысціянамі паразважаць пра важнасць укаранёнасці ў веры. Папа заўважыў, што форум праходзіць у Польшчы, на радзіме святога Яна Паўла ІІ. 

“Польшча – гэта краіна, якая мае глыбокія карані ў веры”, што дазволіла ёй “вытрываць перад цяжкім выпрабаваннямі, калі надзея была канчаткова разбіта”, і застацца вернай Хрысту, “калі існавала спакуса падацца больш лёгкаму шляху”. Польскія хрысціяне мелі мужнасць, каб верыць у іншую будучыню”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заклікаў моладзь “разам адкрыць для сябе наколькі ўкаранёнасць у веры кліча і рыхтуе да таго, каб выходзіць насустрач іншым, адказваючы на новыя вылікі нашых грамадстваў, асабліва на небяспекі, якія пагражаюць нашаму супольнаму дому”.

Спасылаючыся на Апостальскую адгартацыю “Christus vivit” ён заўважыў, што “карані – гэта не якар, што прывязвае нас да іншых часоў і перашкаджае ўцелавіцца ў сучасным свеце ... але, наадварот, яны з’яўляюцца якарам, які дазваляе нам развівацца і адказваць на новыя выклікі”.

Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат, быць гатовымі сведчыць аб Евангеллі і цалкам прысутнічаць у жыцці людзей, якія іх акружаюць, асабліва самых бедных і нешчаслівых. “Не чакайце заўтрашняга дня, каб супрацоўнічаць у перамяненні свету сілай вашай энергіі, вашай адвагі і вашай крэатыўнасці (...) Вы – гэта сучаснасць Бога, які хоча, каб вы былі плённымі”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік благаславіў удзельнікаў сустрэчы, братоў з Супольнасці Тэзэ, сем’і і парафіі, якія будуць прымаць пілігрымаў. “Няхай вера Марыі, якая таксама “паспяшыла”, падтрымлівае запал вашага даверу да Яе Сына”, - пажадаў ён.

“Пілігрымка даверу на зямлі” адбываецца ва Уроцлаве ўжо ў трэці раз (дагэтуль яна праходзіла тут у 1985 і 1995 гг.), а ўвогуле ў  Польшчы – пяты (сустрэчы праводзіліся яшчэ ў Варшаве, у 1999 г., і Познані, у 2009 г.).

Навіна ў фармаце аўдыё

 

 


 

27 снежня 2019, 13:46