Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй епархіі Мукачава Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй епархіі Мукачава  (ANSA)

Папа адзначыў сведчанне веры ўкраінскіх католікаў

11 снежня 2019 г. Папа сустрэўся перад агульнай аўдыенцыяй з дэлегацыяй вернікаў украінскай грэка-каталіцкай епархіі Мукачава, якая прыбыла ў Ватыкан з нагоды 30-годдзя выйсця з падполля.

“Я рады прыняць вас ля Магілы св. Пятра. Разам з вамі хачу падзякаваць Пану, бясконца добраму, Які сваёй магутнай рукой вызваліў вашу Царкву ад доўгага прыгнёту з боку савецкага рэжыму. Касцёл у Мукачава – Маці шматлікіх мучанікаў, якія ўласнай крывёй пацвердзілі вернасць Хрысту, Каталіцкаму Касцёлу і Біскупу Рыма”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак узгадаў пра благаслаўлёнага епіскапа Тэадора Ромжу, які “ў самыя цёмныя моманты” гісторыі мясцовай Царквы “здолеў весці Божы Народ з евангельскай адвагай і мудрасцю”, “па прыкладзе Хрыста Добрага Пастыра, Які аддаў сваё жыццё за авечак”.

“Хачу таксама ўзгадаць пра вашых продкаў, бабуль і дзядуль, бацькаў і маці, якія ў таемнасці сваіх дамоў, часта ва ўмовах варожага рэжыму, рызыкуючы свабодай і жыццём, перадавалі сапраўднае вучэнне Хрыста і далі будучым пакаленням, якія вы прадстаўляеце, красамоўнае сведчанне моцнай веры, жывой веры, каталіцкай веры”, - сказаў Папа.

Пантыфік падзякаваў сваім гасцям за вернасць Богу і заклікаў “аднавіць сёння сваё асабістае спатканне з Езусам Хрыстом ці прыняць рашэнне сустрэцца з Ім, няспынна шукаць Яго кожны дзень”, бо “ніхто не выключаны з радасці, якую нясе Пан”.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 снежня 2019, 12:00