Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік адмяніў “папскую таямніцу” у справах па педафіліі

17 снежня 2019 г. у Ватыкане былі абнародаваны два рэскрыпты. Першы тычыцца адмены “папскай таямніцы” у справах, звязаных з педафіліяй, другі – змены касцёльнага заканадаўства па дзіцячай парнаграфіі.

Дакументам ад 4 снежня 2019 г. Пантыфік прыняў рашэнне аб адмене “папскай таямніцы” адносна заяў, судовых працэсаў і рашэнняў, якія тычыцца злачынстваў, згаданых у першым артыкуле Апостальскага ліста “Vos estis lux mundi” ад 9 мая 2019 г. Гаворка ідзе пра выпадкі насілля і ўчынкаў сексуальнага характару, здзейсненых пад пагрозай ці са злоўжываннем уладай; злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх і ўразлівых асоб; дзіцячай парнаграфіі; непаведамлення аб насіллі або ўтойвання ўзгаданых выпадкаў біскупамі ці генеральнымі настаяцелямі манаскіх супольнасцей.

У новай інструкцыі ўдакладняецца, што абнародаванне інфармацыі павінна гарантаваць бяспеку, цэласнасць і канфідэнцыйнасць, як прадугледжвае Кодэкс кананічнага права адносна абароны добрага імя, рэпутацыі і асабістай сферы ўцягнутых людзей.

Адзначаецца, што гэта “службовая таямніца” не павінна “перашкаджаць выкананню абавязкаў, паўсюдна ўсталяваных дзяржаўнымі законамі”, у тым ліку абавязку паведамлення, а таксама “выкананню запытаў з боку дзяржаўных судовых органаў”. На асоб, якія паведамляюць аб злачынстве, з’яўляюцца ахвярамі ці сведкамі, “нельга накладаць абавязак захоўвання маўчання” адносна фактаў.

Другі рэскрыпт уносіць змены ў тры пункты “motu proprio” Яна Паўла ІІ “Sacramentorum sanctitatis tutela”, апублікаванага ў 2001 г. і дапоўненага ў 2010 г. Пастанаўляецца, што адным з самых цяжкіх злачынстваў, што тычыцца выключных паўнамоцтваў Кангрэгацыі Веравучэння, “з’яўляецца набыццё, захоўванне ці распаўсюджванне, з мэтай распусных дзеянняў, парнаграфічных выяў непаўналетніх ва ўзросце да 18 гадоў любым чынам і любымі сродкамі, якое здзейсніў святар”. Дагэтуль мяжа складала 14 гадоў.

У іншым артыкуле даецца дазвол на тое, каб у справах адносна гэтых цяжкіх злачынстваў ролю “адваката і пракурора” маглі выконваць не толькі святары, але і свецкія, што маюць доктарскую ступень у галіне Кананічнага права.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 снежня 2019, 14:01