Пошук

Vatican News
Папа і кардынал Анджэла Бэчу, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі Папа і кардынал Анджэла Бэчу, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі  (Vatican Media)

Пантыфік: святасць – уцелаўленне Божага слова ў гісторыі

Святыя – узор і правадыры хрысціянскага жыцця, - нагадаў Пантыфік падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якіх прыняў 12 снежня 2019 г.

Сустрэча адбылася з нагоды 50-годдзя структуры Святога Пасаду, у кампетэнцыі якой знаходзяцца беатыфікацыйныя і кананізацыйныя працэсы. Яна ўзнікла пасля рашэння Паўла VI стварыць у 1969 г. замест Кангрэгацыі па святых абрадах дзве асобныя структуры: Кангрэгацыю па справах кананізацыі і Кангрэгацыю Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

“Шматлікія беатыфікацыі і кананізацыі, які адбыліся на працягу гэтых апошніх дзесяцігоддзяў, сведчаць пра тое, што святыя не з’яўляюцца недасяжнымі, яны блізкія да нас, могуць падтрымліваць нас на жыццёвым шляху. Сапраўды, гэта асобы, якія зведалі штодзённыя цяжкасці існавання са сваімі перамогамі і паразамі, знаходзячы ў Пану сілы для пастаяннага ўзняцця і працягу шляху”, - сказаў Папа.

Пантыфік зазначыў, што кожны святы ўяўляе сабой нейкую “задуму Айца”, з’яўляецца ўцелаўленнем Евангелля і Божага слова ў свой гістарычны перыяд. Святасць заўжды суправаджае жыццё Касцёла, часта невідавочным чынам, - дадаў ён.

“Мы павінны навучыцца бачыць святасць у цярплівым Божым Народзе: у бацьках, якія з вялікай любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей; у мужчынах і жанчынах, якія працуюць, каб прыносіць дамоў хлеб; у хворых; у пажылых манахінях, якія працягваюць усміхацца. (...) Вельмі часта гэта і ёсць святасць “па суседству”, святасць тых людзей, якія жывуць побач з намі і з’яўляюцца адлюстраваннем прысутнасці Бога”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб Кангрэгацыя па справах кананізацыі выяўляла прыклады не толькі “гераічнай”, але і “схаванай святасці”, памятаючы, што кананізацыйныя і беатыфікацыйныя працэсы павінны служыць хвале Бога і духоўнаму дабру Касцёла, быць звязанымі з пошукам праўды і евангельскай дасканаласцю.

Звяртаючыся да пастулятараў, Святы Айцец заклікаў іх не кіравацца ў сваёй дзейнасці “матэрыялістычным бачаннем і эканамічнымі інтарэсамі”, не шукаць “уласнага самасцвярджэння”, але памятаць, што працэсы маюць у першую чаргу духоўны характар. У гэтым кантэксце Папа нагадаў пра патрэбу ва ўмяшанні Бога – у наяўнасці цуду, для таго, каб працэс мог працягвацца.

З нагоды 50-годдзя Кангрэгацыі па справах кананізацыі пачаў працаваць новы сайт гэтай ватыканскай структуры, які будзе паступова папаўняцца інфармацыя пра ўсіх святых і благаслаўлёных, якія існуюць у Каталіцкім Касцёле, а таксама матэрыяламі, звязанымі з іх кананізацыяй і беатыфікацыяй. Сайт даступна па адрасе: www.causesanti.va.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 снежня 2019, 13:00