vatican-religion-holiday-pope-mass-christmas-1545726528596.jpg

Пантыфік: падзякуем Богу за адыходзячы год!

Дзякаваць Богу за ласку, якой Ён падтрымліваў нас на працягу года і з радасцю ўзносіць Яму песню праслаўлення, заклікаў Папа вернікаў падчас Першых Нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі.

Увечары 31 снежня 2019 г. у ватыканскай базыліцы Францішак узначаліў цэлебрацыю набажэнства-падзякі за адыходзячы год.

У гаміліі Святы Айцец падкрэсліў незвычайнасць Божага спосабу дзеяння: каб аб’явіць сваю любоў, Ён выбірае “маленькі”, “пагарджаны” горад, а калі дасягае Ерузалема, то “яднаецца з народам грэшнікаў і адкінутых”.

“Калі Бог жадае абнавіць усе рэчы праз свайго Сына, то пачынае не са святыні, але з улоння малой і беднай дзяўчыны са свайго Народа. Гэты выбар Бога – надзвычайны! Ён змяняе гісторыю не праз магутных людзей з грамадскіх або рэлігійных устаноў, але пачынаючы з жанчын з перыферыі імперыі, як у выпадку з Марыяй, і з іх бясплодных улонняў, як у выпадку з Альжбетай”, - заўважыў Пантыфік.

Ён заклікаў прасіць аб ласцы новых вачэй, здольных да “кантэмпляцыйнага позірку”, позірку веры, які адкрывае Бога, што жыве не толькі ў святынях, але ў дамах, на вуліцах і плошчах, і запрасіў прысутных вернікаў у гэты вечар паглядзець на Рым вачыма Бога.

“Рым – не толькі складаны горад з мноствам праблем, з няроўнасцю, карупцыяй і сацыяльнай напружанасцю. Рым – гэта горад, у які Бог пасылае сваё Слова, што пры дапамозе Духа Святога пасяляецца ў сэрцы сваіх жыхароў і штурхае іх да веры, да надзеі насуперак усяму, да любові і барацьбы на карысць дабра ўсіх”, - заўважыў Папа.

Пантыфік выказаў перакананне, што Бог чакае ад Рымскага Касцёла залучэння ў сустрэчу і стасункі з жыхарамі горада, “каб Яго слова вельмі хутка ляцела” (пар. Пс 147). Выслухоўванне, ахвяраванне ўласнага часу дзеля іншых, дыялог, сведчанне ў справах, хутчэй чым у словах, пра новае жыццё Евангелля – “гэта сапраўды служэнне любові, якое ператварае рэчаіснасць”.

Нарэшце, Папа запэўніў, што не трэба “баяцца або адчуваць сваю непрыдатнасць для такой важнай місіі”. “Варта памятаць, што Бог выбірае нас не па прычыне нашай умеласці, але менавіта таму, што з’яўляемся і адчуваем сябе нязначнымі. Дзякуем за ласку, якой Ён падтрымліваў нас на працягу гэтага года і з радасцю ўзносім Яму песню праслаўлення”, - заклікаў Пантыфік.

На заканчэнне Нешпараў адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і быў праспяваны гімн “Te Deum”.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 снежня 2019, 13:45