Пошук

Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" 

Пантыфік: па прыкладзе св. Юзафа адкрыцца на Хрыста

Прыняць логіку Бога, якая складаецца з адкрытасці на новыя гарызонты, на Хрыста і Яго Слова, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 22 снежня 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“У гэту чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнту, Евангелле (пар. Мц 1,18-24) вядзе нас да Божага Нараджэння праз досвед св. Юзафа, які здаецца асобай другога плану, але ў паводзінах якога заключана ўся хрысціянская мудрасць. Разам з Янам Хрысціцелем і Марыяй ён з’яўляецца адным з тых, на каго літургія звяртае нашу ўвагу ў час Адвэнту; і сярод усіх трох, ён – самы сціплы. Не прапаведуе, на прамаўляе, але імкнецца выконваць Божую волю; і спаўняе яе ў стыле Евангелля і благаслаўленняў: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5,3).

“Юзаф – убогі, бо жыве самым істотным; працуе, жыве працай... менавіта ўбогасць уласціва тым, хто ўсведамляе, што ва ўсім залежыць ад Бога і на Яго пакладае ўвесь свой давер.”

Евангельскі расповед на сённяшні дзень прадстаўляе нам сітуацыю, далікатную і супярэчлівую з людскога пункту гледжання. Юзаф і Марыя былі заручаныя; яшчэ не жылі разам, але Яна, праз дзейнасць Бога, чакала дзіця. Юзаф, перад абліччам гэтай нечаканасці, вядома быў усхваляваны, але замест таго, каб прыняць імпульсіўныя і карныя меры, згодна з законам, шукаў рашэнне, якое б паважала годнасць і цэласнасць яго каханай Марыі. Евангелле кажа: “Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе” (Мц 1,19).

“Насамрэч, Юзаф добра ведаў, што калі б публічна асудзіў сваю нявесту, Яна б падвергнулася цяжкім наступствам, нават смерці. Ён цалкам давяраў Марыі, якую выбраў сваёй нявестай. Не разумеў, але шукаў рашэння.”

Тым не менш, цяпер, гэтыя невытлумачальныя абставіны паставілі перад ім пытанне аб будучыні іх саюза; у сувязі з чым, ён, з вялікімі пакутамі, вырашыў пакінуць Марыю, не ствараючы скандалу. Але анёл Пана ўмяшаўся, каб сказаць яму, што рашэнне, прынятае ім, не з’яўляецца Божай воляй. Больш за тое, Пан адкрыў яму новы шлях, шлях еднасці, любові і шчасця: “Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога” (Мц 1,20).

І тут Юзаф цалкам даверыўся Богу, падпарадкаваўся словам анёла і ўзяў Марыю да сябе. Менавіта гэты непарушны давер да Бога, дазволіў яму прыняць сітуацыю, складаную з чалавечага пункту гледжання, і, у пэўным сэнсе, незразумелую. Юзаф з верай асэнсаваў, што дзіця, якое з’явілася ва ўлонні Марыі было не яго сынам, але Божым Сынам, а ён, Юзаф, будзе Яго абаронцам, напоўніцу прымаючы на сябе зямное бацькоўства. Прыклад гэтага ціхага і мудрага чалавека заклікае нас узняць позірк і скіраваць яго па-за тое, што бачна.

“Гаворка ідзе пра тое, каб прыняць логіку Бога, якая здзіўляе, і будучы далёкай ад малых і вялікіх разлікаў, складаецца з адкрытасці на новыя гарызонты, на Хрыста і Яго Слова.”

Няхай Панна Марыя і яе цнатлівы жаніх Юзаф дапамогуць нам слухаць Езуса, які прыходзіць і просіць, каб мы прынялі Яго ў свае праекты і рашэнні”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 снежня 2019, 12:08