Інаўгурацыя Ватыканскага радыё. Ілюстрацыйнае фота Інаўгурацыя Ватыканскага радыё. Ілюстрацыйнае фота 

70 гадоў таму беларуская мова ўпершыню загучала з Ватыкана

70 гадоў таму слова Папы ўпершыню загучала з Ватыкана на беларускай мове. Гэта было радыёпасланне Пія ХІІ. Яго трансляцыя адбылася ў вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня 1949 г.

Святочны радыёзварот Пій ХІІ падрыхтаваў напярэдадні Божага Нараджэння і адкрыцця Святога Юбілейнага Года, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле на працягу ўсяго 1950 г. Папа хацеў, каб яго слова пачулі і зразумелі вернікі ва ўсім свеце, таму распарадзіўся перакласці пасланне на розныя мовы і трансліраваць з дапамогай Ватыканскага радыё. Тэкст быў даволі доўгім, па гэтай прычыне трансляцыя яго моўных версій расцягнулася на тры дні.

Моўны марафон пачаўся 23 снежня 1949 г. Спачатку прамовіў сам Пій ХІІ на італьянскай мове. Затым яго словы загучалі ў перакладзе на англійскую, іспанскую, французскую, нямецкую, польскую, партугальскую, венгерскую, чэшскую, славацкую, галандскую, украінскую, харвацкую і славенскую мовы.

На наступны дзень, 24 снежня, на хвалях Ватыканскага радыё трансліравалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Святых Брамаў Юбілейнага Году ў базыліцы св. Пятра і святочнае пасланне Пантыфіка на чарговых мовах: балгарскай, румынскай, беларускай, арабскай і эфіопскай.

Зварот Папы па-беларуску перадаваўся з 13.30 да 14.30 па сярэднееўрапейскім часе. Гэта быў першы ў гісторыі выпадак вяшчання на беларускай мове з Ватыкана. Тэкст чытаў кс. Пётр Татарыновіч, святар з Піншчыны, які з 1945 г. вучыўся ў Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме.

25 снежня пасланне Святога Айца перадавалася на рускай, латышскай, эстонскай і літоўскай мовах.

Рэгулярныя праграмы Ватыканскага радыё па-беларуску выходзяць з 6 студзеня 1950 г. Такім чынам папская радыёстанцыя з'яўляецца першай замежнай радыёстанцыяй, якая пачала вяшчаць на беларускай мове. На гэты конт кс. Пётр Татарыновіч вельмі красамоўна напісаў на старонках часопіса “Źnič”: “Браты беларусы! Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнання!”

Навіна ў фармаце аўдыё
24 снежня 2019, 11:49