Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

2019-ы Папы: Сінод, барацьба са злоўжываннямі, місійны Касцёл

Год, які падыходзіць да завяршэння, быў вельмі насычаным знакавымі падзеямі з удзелам Францішка, якія маюць вызначальную ролю для жыцця і місіі ўсяго Каталіцкага Касцёла.

Сінод па Амазоніі

Адной з галоўных падзей 2019 г. стала Спецыяльная асамблея Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне на тэму “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”. Яна праходзіла з 6 па 27 кастрычніка ў Ватыкане. У рамках сходу Папа шматразова падкрэсліваў патрэбу ў навяртанні, што адлюстравалася таксама ў яго Выніковым дакуменце. У тэксце гаворыцца, што навяртанне павінна мець чатыры вымярэнні: сінадальнае, бо Касцёлу патрэбна пілігрымаваць разам, а не паасобку; культурнае, бо трэба быць здольнымі прамаўляць да розных культур; экалагічнае, бо эгаістычная эксплуатацыя навакольнага асяроддзя вядзе да знішчэння цэлых народаў; душпастырскае, бо існуе неадкладная патрэба ў абвяшчэнні Евангелля. У аснове гэтага чатырохбаковага навяртання павінна быць навяртанне да жывога Евангелля, якім ёсць Езус. Сапраўднае навяртанне заключаецца ў тым, каб паставіць у цэнтр не сябе, а Хрыста, дазволіць, каб Святы Дух стаў галоўнай дзеючай асобай у нашым жыцці, - казаў Францішак.

Барацьба са злоўжываннямі

Гістарычнай падзеяй 2019 г. стала сустрэча на тэму “Абарона непаўналетніх у Касцёле”, якая прайшла ў Ватыкане 21-24 лютага 2019 г. Папа звярнуў увагу яе ўдзельнікаў на “паўсюдны і спрадвечны” характар ганебнага феномена сексуальнага насілля, што, аднак, “не паслабляе, яго жудаснасці ўнутры Касцёла”, дзе ён становіцца яшчэ больш цяжкім і абуральным, бо “кантрастуе з яго маральнай аўтарытэтнасцю і этычнай пэўнасцю”.

Сваім motu proprio “Vos estis lux mundi” Пантыфік устанавіў новыя нормы неабходныя, каб сігналізаваць пра выпадкі сексуальных дамаганняў і насілля ў Касцёле. Дакумент павінен служыць гарантам таго, што біскупы і вышэйшыя настаяцелі манаскіх кангрэгацый разумеюць сваю адказнасць і сутнасць сваіх учынкаў. Згодна з ім, у кожнай дыяцэзіі павінна быць распрацавана “адна або некалькі пастаянных і лёгкадаступных для грамадскасці сістэм сігналізавання” аб выпадках сексуальных злоўжыванняў з боку святароў або манаскіх асобаў, аб карыстанні матэрыяламі педафілійна-парнаграфічнага характару і аб замоўчванні саміх выпадкаў злоўжыванняў.

Пантыфік прыняў рашэнне аб адмене “папскай таямніцы” адносна заяў, судовых працэсаў і рашэнняў, якія тычыцца вышэйзгаданых злачынстваў, а таксама аднёс да цяжкіх злачынстваў набыццё, захоўванне ці распаўсюджванне, з мэтай распусных дзеянняў, парнаграфічных выяў непаўналетніх ва ўзросце да 18 гадоў любым чынам і любымі сродкамі, якое здзейсніў святар. Дагэтуль мяжа складала 14 гадоў.

Рэформа Рымскай курыі

На працягу 2019 г. ішла інтэнсіўная праца па падрыхтоўцы новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі – структуры, якая павінна стаць больш місійнай і адпаведнай патрэбам евангелізацыі. Дакумент пад рабочай назвай “Praedicate evangelium” распрацоўваецца Радай кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. У яго ўносяцца апошнія праўкі і дапаўненні.

У той жа час Пантыфік прыняў адстаўку кардынала Анджэла Садана з пасады Дэкана Калегіі кардыналаў (іерарх займаў яе з 2005 г.) і ўстанавіў, што цяпер гэту функцыю можна будзе выконваць максімальна два пяцігадовых тэрміны.

Ватыканскія фінансы на службе евангелізацыі і бедным

Святы Айцец працягнуў рэфармаванне ватыканскай фінансавай сістэмы. Папа абнавіў статут Інстытута рэлігійных спраў, больш вядомага як Ватыканскі банк. Была ўведзена функцыя Знешняга рэвізора, які павінен займацца праверкай ватыканскіх рахункаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. На пасаду прэфекта Сакратарыяту па эканамічных пытаннях быў прызначаны 60-гадовы езуіт, кс. Хуан Антоніа Герэра Алвес. Папа аўтарызаваў расследаванне дзейнасці некаторых служачых ватыканскай эканамічнай сістэмы. Ён таксама нагадаў, што добрае кіраванне фінансавымі рэсурсамі прадугледжвае іх інвеставанне, а не захоўванне ў шуфлядзе. У той жа час інвеставанне павінна адпавядаць этычным прынцыпам, каб грошы служылі евангелізацыі і бедным.

Ведаць Божае слова, каб ведаць Езуса

30 верасня Францішак выдаў Апостальскі ліст “Aperut illis”, якім пастанавіў, што ў Трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду ў Касцёле будзе адзначацца Нядзеля Божага Слова – асаблівы дзень, прысвечаны цэлебрацыі, рэфлексіі і распаўсюджванню Божага слова. Упершыню ён будзе святкавацца 26 студзеня 2020 г.

Яслі Божага Нараджэння – жывое Евангелле

Папа адведаў італьянскае мястэчка Грэча, дзе св. Францішак Асізскі стварыў першыя ў гісторыі яслі Божага Нараджэння, і падпісаў там адмысловы Апостальскі ліст, у якім заклікаў да пашырэння гэтай каляднай каталіцкай традыцыі. “Прадстаўленне сцэны нараджэння Езуса само па сабе з’яўляецца простым і радасным абвяшчэннем таямніцы ўцелаўлення Божага Сына”, - напісаў Пантыфік. Святы Айцец пажадаў, каб яслі Божага Нараджэння змяшчаліся ў дамах людзей, на месцах працы, у школах, шпіталях, турмах, на плошчах.

Моладзь паклікана адкрыць Божую любоў і ісці супраць плыні

Сёлета Францішак скіраваў спецыяльны дакумент да моладзі над назвай “Christus vivit”, які стаў плёнам мінулагодняга Сінода Біскупаў. “Хрыстус жыве. Ён – наша надзея і найпрыгажэйшая маладосць гэтага свету. Усё тое, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, становіцца новым, зноў напаўняецца жыццём. Таму першыя словы, з якімі я хачу звярнуцца да кожнага маладога хрысціяніна, такія: Ён жыве і хоча, каб ты жыў!”, - звярнуўся да маладых людзей Папа. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат станавіцца мужнымі місіянерамі, якія сведчаць аб Евангеллі сваім жыццём, ідучы супраць плыні, асабліва супраць “ідэалагічнай каланізацыі”.

Аўдыенцыі, падарожжы, прамовы, прызначэнні, кананізацыі і беатыфікацыі

На працягу 2019 г. Пантыфік правёў 41 агульную аўдыенцыю, падчас якіх тлумачыў малітву “Ойча наш” і разважаў над “падарожжам Евангелля па свеце”, аб якім распавядаецца ў кнізе Дзеяў Апосталаў. Францішак 56 разоў сустракаўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” і “Уладарка Неба”; прамовіў 60 гаміліі падчас публічных цэлебрацый, 44 гаміліі падчас св. Імшаў у Доме св. Марты; звярнуўся з больш чым 260 публічнымі прамовамі.

Святы Айцец здзейсніў 6 замежных падарожжаў, у рамках якіх адведаў 11 краін свету; прызначыў 147 новых біскупаў і 13 кардыналаў. На працягу года ў Касцёле з’явілася 46 новых благаслаўлёных і 5 новых святых, сярод якіх кардынал Генры Ньюман. Папа прыняў 40 палітыкаў – прадстаўнікоў 27 краін свету і 8 міжнародных арганізацый.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 снежня 2019, 12:19