Пошук

Уручэнне "Прэміі Ратцынгера" кс. Полю Бэрэ Уручэнне "Прэміі Ратцынгера" кс. Полю Бэрэ 

Святы Айцец уручыў “Прэмію Ратцынгера”

Пра абавязак шукаць шляхі сустрэчы з Богам нагадаў Святы Айцец падчас уручэння “Прэміі Ратцынгера”. Цырымонія прайшла 9 лістапада 2019 г. у Ватыкане.

Прэстыжную ўзнагароду атрымалі два навукоўцы з розных кантынентаў: 87-гадовы Чарльз Маргрэйв Тэйлар з Канады, даследчык феномену секулярызацыі, і 53-гадовы кс. Поль Бэрэ, езуіт, тэолаг, даследчык Святога Пісання з Буркіна-Фасо.

Звяртаючыся да сабраных на цырымоніі, Папа падкрэсліў каштоўнасць духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны Бэнэдыкта XVI, “тэолага і пастыра, які ніколі не замыкаўся ў рамках выключна канцэптуальнай і неўцелаўлёнай культуры, але даваў прыклад пошуку праўды, у якім розум і вера, інтэлект і духоўнасць, былі паслядоўна інтэграваныя”.

Францішак падкрэсліў, што ўсе дысцыпліны і віды мастацтва павінны спрыяць рэалізацыі чалавекам яго паўнаты, якая магчыма толькі ў сустрэчы з жывой асобай Езуса Хрыста, уцелаўлёным Словам, аб’яўленнем Бога, Які ёсць любоў.

“Быць і заўсёды заставацца ў актыўным дыялогу з культурамі, якія змяняюцца з бегам часу і адрозніваюцца ў розных частках свету – гэта абавязак тэалогіі, і, у той жа час, неабходная ўмова для жыццядайнасці хрысціянскай веры, для евангелізацыйнай місіі Касцёла”, - дадаў ён.

Папа ўручае прэмію прафесару Чарльзу Тэйлару
Папа ўручае прэмію прафесару Чарльзу Тэйлару

Каментуючы тэму навуковых даследаванняў Чарльза Маргрэйва Тэйлара, Папа заўважыў, што секулярызацыя – гэта вялікі выклік для Каталіцкага Касцёла, усіх хрысціян і людзей, якія вераць у Бога. На яго думку, дзякуючы працы прафесара, можна глядзець на секулярызацыю без павярхоўнасці і без фаталістычнай роспачы.

“Гэта неабходна не толькі для рэфлексіі над сучаснай культурай, але, у першую чаргу, для дыялогу і рэалізацыі глыбокага распазнання ў яе кантэксце, для заняцця адмысловай пазіцыі жыцця, сведчання, выказвання і абвяшчэння веры ў наш час”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Гаворачы пра навуковую дзейнасць кс. Поля Бэрэ, Папа заўважыў, што святар з’яўляецца першым лаўрэатам “Прэміі Ратцынгера” з афрыканскага кантынента. Ён нагадаў, што ў першыя стагоддзі хрысціянства Паўночная Афрыка дала Касцёлу вялікіх тэолагаў, але распаўсюджванне ісламу і каланіялізм да другой паловы ХХ ст. перашкаджалі афрыканскай інкультурацыі хрысціянскага паслання. “Такім чынам афрыканская тэалогія яшчэ маладая, але зарэкамендавала сябе дынамічнай і шматабяцальнай”,- сказаў Пантыфік, прыводзячы ў прыклад кс. Бэрэ.

Святы Айцец падкрэсліў, што розныя геаграфія і культура сёлетніх лаўрэатаў “Прэміі Ратцынгера” дэманструе, што заўсёды можна і трэба шукаць шляхі да Бога ў разнастайнасці.

87-гадовы канадзец Тэйлар найбольш вядомы сваімі даследаваннямі, якія тычацца камунітарызму, касмапалітызму і ўзаемасувязі паміж рэлігіяй і сучаснасцю, у прыватнасці тэмы секулярызацыі, у якой ён лічыцца адным з самых аўтарытэтных экспертаў. Ён – католік, удзельнічаў у ватыканскай ініцыятыве “Падворак язычнікаў”.

53-гадовы Поль Бэрэ, езуіт, родам з Буркіна-Фасо. Ён ініцыяваў некалькі важных праектаў па развіцці тэалогіі ў Афрыцы, працаваў экспертам на некалькіх Сінодах Біскупаў і быў кансультантам Генеральнага Сакратарыята Сінода. З’яўляецца членам Міжнароднай камісіі па дыялогу з Англіканскай Царквой, розных аб’яднанняў тэолагаў, у тым ліку, Асацыяцыі афрыканскіх тэолагаў і Панаафрыканскай асацыяцыі каталіцкіх экзегетаў.

У навуковы камітэт “Прэміі імя Ёзэфа Ратцынгера” ўваходзяць кардыналы Анджэла Амата, Курт Кох, Луіс Франсіска Ладарыя, Джанфранка Равазі і біскуп Рудольф Водэрхольцэр, пастыр Рэгенсбургскай дыяцэзіі.

“Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – папы Бэнэдыкта XVI”, які з’яўляецца ініцыятарам узнагароды, устанавіў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць Фонд і дабрачынцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 лістапада 2019, 14:10