Пошук

Vatican News

Святы Айцец: дыялог паміж рэлігіямі – знак культуры сустрэчы

Перад абліччам падзелаў важна, каб рэлігіі неслі святло надзеі, застаючыся носьбітамі і гарантамі братэрства, каб супрацоўнічалі на карысць бедных, - перакананы Папа.

21 лістапада 2019 г. Францішак наведаў будысцкі храм Ратчабафіт у Бангкоку, дзе сустрэўся з 92-гадовым Вярхоўным патрыярхам тайландскай будыйскай сангхі Самдэтам Пхра Маха Мунівонга.

Францішак нагадаў пра ўклад сваіх папярэднікаў у развіццё дыялогу паміж рэлігіямі, а таксама пра цяперашнія рэгулярныя сустрэчы на высокім узроўні паміж католікамі і будыстамі.

“Гэта малыя крокі, якія дапамагаюць даваць сведчанне, не толькі перад нашымі супольнасцямі, але і перад нашым светам, моцна схільным да распаўсюджвання і стварэння канфліктаў, аб тым, што культура сустрэчы – магчымая”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа падзякаваў тайландскаму народу за тое, што католікі, якія прыбылі ў азіяцкую краіну чатыры з паловай стагоддзі таму, карыстаюцца тут рэлігійнай свабодай і жывуць у гармоніі з вызнаўцамі будызму. Францішак запэўніў у намаганнях, сваіх і Касцёла, “на карысць умацавання адкрытага і паважлівага дыялогу на карысць міра і дабрабыту” тайландскага народа.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва паміж рэлігіямі ў працы на карысць бедных. “Такім чынам мы далучаемся да будавання культуры спагады, братэрства і сустрэчы, як тут, так і ў іншых частках свету”, - дадаў ён.

Францішак пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей храма, у якім запэўніў у малітве, каб “каштоўная традыцыя ўзаемаразумення паміж будыстамі і католікамі працягвала ўмацоўвацца і прыносіць багатыя плады міра для дарагога тайландскага народа”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2019, 11:40