Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з ўдзельнікамі XX Кангрэса Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права Папа падчас сустрэчы з ўдзельнікамі XX Кангрэса Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права  (Vatican Media)

Папа: свету патрэбна мадэль правасуддзя, заснаванага на дыялогу

Каб крымінальнае права не ператваралася ў цынічны і бесстаронні механізм, патрэбны падрыхтаваныя асобы, верныя справядлівасці, якія ўсведамляюць веліч сваёй адказнасці, лічыць Папа.

15 лістапада 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў XX Кангрэса Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права, які праходзіць у Рыме з 13 па 16 лістапада 2019 г.

У сваё прамове Святы Айцец засяродзіўся на асноўных выкліках, якія сучасны свет ставіць перад ахоўнікамі справядлівасці і міру. Сярод найбольш небяспечных феноменаў, на думку Папы, – ідалапаклонства ў адносінах да рыначных адносін і “глабалізацыя спекулятыўных грошай”, а таксама рызыка ідэалізацыі крымінальнага права, якая вядзе да аўтарытарнага злоўжывання ўладай.

Пантыфік выказаў занепакоенасць тым фактам, што вельмі часта злачынствы буйных і магутных карпарацый застаюцца беспакаранымі. “Ля вытокаў цяжкіх правапарушэнняў у адносінах да ўласнасці, чалавека і прыроды ляжыць глабальны фінансавы капітал. Гэта арганізаваная злачыннасць, якая нясе адказнасць, між іншым, за празмерную запазычанасць дзяржаў і раскраданне прыродных рэсурсаў нашай планеты”, - сказаў Францішак.

Ён дадаў, што крымінальнае права не можа заставацца абыякавым да злачынстваў супраць чалавецтва, якія вядуць да голаду, беднасці, вымушанай міграцыі, экалагічнага заняпаду і этнацыду карэнных народаў.

Асаблівую ўвагу Папа надаў крымінальным з’явам з катэгорыі так званага “экацыду”, іншымі словамі, злачынствам супраць навакольнага асяроддзя.

“У гэтым сэнсе ўдзельнікі нядаўняга Сінда Біскупаў па Амазоніі прапанавалі даць азначэнне экалагічнаму граху як дзеянню або занядбанню супраць Бога, бліжняга, супольнасці і навакольнага асяроддзя. Гэта грэх супраць будучых пакаленняў, які выяўляецца ва ўчынках і звычках забруджвання і разбурэння прыроднай гармоніі, парушэннях прынцыпу ўзаемазалежнасці і знішчэння сеткі салідарнасці паміж стварэннямі”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа звянуў увагу на праблему злоўжывання “прэвентыўным знявольваннем”, на распаўсюджванне “дэмагогіі пакарання, якая ператвараецца ў заахвочванне да жорсткасці або ў празмернае прымяненне сілы”, а таксама на росквіт культуры адкідання, якая паступова пераходзіць у культуру нянавісці.

Не абмінуў увагай Францішак і з’яву беспадстаўных абвінавачванняў у адрас палітычных лідараў. Такім чынам пад відам барацьбы з карупцыяй вядзецца барацьба з нежаданымі ўрадамі з мэтай паслаблення сацыяльных правоў і ўсталявання аўтарытарнай улады. “Цікава, што выкарыстанне афшорных зон, якія служаць для ўтойвання любых відаў злачынства, не ўспрымаецца як карупцыя або арганізаваная злачыннасць. (...) Я заклікаю ўсіх задумацца над гэтым”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што, для таго каб крымінальнае права не ператваралася “ў цынічны і бесстаронні механізм, патрэбны ўраўнаважаныя і падрыхтаваныя асобы, захопленыя справядлівасцю, якія ўсведамляюць веліч абавязку і адказнасці, якія на сябе ўскладаюць”.

“Нашыя грамадствы пакліканы рухацца ў кірунку мадэлі правасуддзя, заснаванага на дыялогу, сустрэчы, каб там, дзе гэта магчыма, былі адноўлены сувязі, пашкоджаныя ўчыненым злачынствам, і была кампенсавана нанесеная страта”, - сцвердзіў Францішак на заканчэнне сустрэчы і заклікаў прысутных памятаць, што ў гэтай справе не абысціся без дапамогі Бога, “крыніцы мудрасці і справядлівасці”.

 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2019, 15:42