Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік пра выклікі сучаснага правасуддзя

29 лістапада 2019 г. Папа прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў Даследчага цэнтра імя Разарыа Ліваціна. Структура названа ў гонар 38-гадовага італьянскага суддзі, забітага мафіяй у 1990 г.

Пантыфік нагадаў, што Разарыа Ліваціна быў амаль невядомым нікому суддзёй, які працаваў на перыферыі, займаючыся секвестрацыяй і канфіскацыяй дабротаў, нелегальна набытых членамі мафіі. Ён дзейнічаў з вялікім прафесіяналізмам і эфектыўнасцю, за што злачынцы вырашылі яго забіць.

Францішак звярнуў увагу таксама на тое, што Ліваціна быў чалавекам глыбокай веры, пацвярджэннем чаму з’яўляецца ўжо завершаны на дыяцэзіяльным узроўні яго беатыфікацыйны працэс.

Папа нагадаў, як перад абліччам спробаў легалізацыі эўтаназіі ў Італіі, Разарыа Ліваціна мужна і абгрунтавана сцвярджаў, што жыццё чалавека, гэта не толькі Божы дар, як лічаць вернікі, але таксама недатыкальнае дабро з пункту гледжання натуральнага права.

Ствараецца ўражанне, што ў сферы так званых “новых правоў”, суддзі сваімі рашэннямі імкнуцца задаволіць усё новыя і новыя жаданні, адарваныя ад любых аб’ектыўных рамак, - зазначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што для суддзі неад’емнымі рысамі з’яўляюцца пакора, імкненне будаваць згоду, гатоўнасць разумець чалавека, які стаіць перад ім, і судзіць яго не з пазіцыі звышчалавека, але намагаючыся зрабіць пакаранне канструктыўным.

Паводле Францішка, прыклад Разарыа Ліваціна паказвае, што правасуддзе павінна чыніцца “з мудрасцю і пакорай, маючы перад вачыма “трансцэндэнтную годнасць чалавека”, якая адсылае “да яго прыроды, да яго прыроджанай здольнасці адрозніваць дабро ад зла, да таго “компасу”, які быў упісаны ў нашы сэрцы і пакінуты як пячатка Бога ў створаным сусвеце”.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лістапада 2019, 14:16