Шпіталь "Bambino Gesù". Ілюстрацыйнае фота Шпіталь "Bambino Gesù". Ілюстрацыйнае фота 

Папа правядзе аўдыенцыю да 150-годдзя клінікі “Bambino Gesù”

Папа прыме на аўдыенцыі кіраўніцтва, персанал, валанцёраў ватыканскага педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”, а таксама каля 200 маленькіх пацыентаў і членаў іх сем’яў.

Сустрэча адбудзецца 16 лістапада 2019 г. у ватыканскай Зале Паўла VІ. Яна будзе прымеркавана да 150-годдзя медыцынскай установы, якая сёння з’яўляецца адной з найлепшых дзіцячых клінік у свеце.

Аўдыенцыя распачнецца святочнай праграмай. На сцэне Залы Паўла VI выступіць аматарскі інклюзіўны аркестр “Euterpe”, у якім разам граюць на музычных інструментах асобы з інваліднасцю, урачы і валанцёры. Дырыжыраваць будзе італьянскі навуковец Тамаза Ліуцы, даследчык у галіне музыкатэрапіі для дзяцей з цэрэбральным паралічам у адным з аддзяленняў клінікі “Bambino Gesù”. З галоўнымі дасягненнямі бальніцы пазнаёміць яе дырэктар, Марыэла Энак. Затым да сабраных звернецца Святы Айцец.

Для Францішка падрыхтавалі тры адмысловыя падарункі: святарская стула, якую маленькія пацыенты клінікі ўпрыгожылі малюнкамі на тэму стварэння і аховы навакольнага асяроддзя; анімацыйны фільм пра філіял педыятрычнай клінікі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, мадэрнізаваны дзякуючы ініцыятыве Святога Айца; фотаальбом пад назвай “Жыццё тых, хто дапамагае жыццю”, аб супрацоўніках “Bambino Gesù”, якія штодзённа ратуюць здароўе і жыццё хворых дзяцей.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лістапада 2019, 16:10