Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа пра ядзерную энергію, права вета ў ААН і паэтычнасць Усходу

“Гэта станоўчы крок”, - так Францішак ахарактарызаваў перамовы па абмене палоннымі паміж Украінай і Расіяй і “планаванне іншага ўрадавага рэжыму” на Данбасе.

“Усё, што можна зрабіць, каб спыніць вытворчасць зброі, спыніць войны, палегчыць перамовы, з дапамогай фасілітатараў, заўсёды рабіць трэба, дамагаючыся вынікаў”, - сказаў Папа 26 лістапада 2019 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся з Токіо ў Рым.

Ён паўтарыў тэзісы сваіх прамоў у Нагасакі і Хірасіме і падкрэсліў, што “выкарыстанне ядзернай зброі з’яўляецца амаральным, і гэта павінна быць унесена ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. І не толькі выкарыстанне, але таксама і валоданне ёю, таму што выпадковасць або шаленства нейкага кіраўніка, шаленства аднаго чалавека можа знішчыць усё чалавецтва”.

Святы Айцец падзяліўся сваім асабістым поглядам на ядзерную энергетыку: “я б не выкарыстоўваў ядзерную энергію, пакуль не будзе дасягнуты ўзровень поўнай бяспекі”. Тут ён узгадаў Чарнобыльскую катастрофу 1986 г. “Трэба праводзіць даследаванні ў галіне бяспекі як для пазбягання катастроф, так і для мінімалізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе”, - сказаў ён.

Журналісты пацікавіліся і яшчэ адной тэмай, узнятай Пантыфікам у Японіі – прымяненнем смяротнага пакарання. Францішак лічыць гэту меру амаральнай. Ён перакананы, што трэба развіваць грамадскую свядомасць у разуменні гэтага, і калі краіна не можа адмяніць смяротнага пакарання па нейкіх прычынах, павінна выкарыстоўваць эмбарга. Канчатковай мэтай прысуду павінна быць рэінтэграцыя, таму асуджэнне без “акна гарызонту” – мера не гуманная. На думку Папы, нават у выпадку пажыццёвага зняволення трэба думаць пра рэінтэграцыю чалавека, унутры грамадства ці па-за ім.

Францішак перакананы, што ААН павінна адыгрываць большую ролю ў пабудове міру ў свеце. Ён выказаў меркаванне, што, магчыма, Савет Бяспекі, павінен абмежаваць або адмяніць права вета магутных краін. Святы Айцец асудзіў крывадушнасць дзяржаў, якія лічаць сябе хрысціянскімі, а жывуць дзякуючы гандлю зброяй. “Мір сёння вельмі слабы, але мы не павінны адчайвацца. Гіпотэза самаабароны застаецца, таксама ў маральнай тэалогіі над ёй трэба разважаць, але ў крайнім выпадку. Выкарыстанне зброі – гэта апошняя мера. Самаабарона павінна ажыццяўляцца праз дыпламатыю і пасрэдніцтва”, - сказаў Папа падчас паветранай прэс-канферэнцыі.

Святы Айцец лічыць, што заходняя цывілізацыя, дзе заўсёды спяшаюцца, павінна вучыцца спыняцца, сузіраць і глядзець на рэчы паэтычна. Тут Усход можа шмат чаму навучыць – ён умее глядзець на рэчы вачыма, якія выходзяць за межы эмпірычнага.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 лістапада 2019, 12:26