1573736077836.JPG

Папа: “каталіцкі” у назве ўніверсітэта абавязвае да ўзорнасці

“Універсітэт” – гэта супольнасць, ідэя збліжэння ведаў, даследаванне, якое вядзе да спасціжэння ісціны і сэнсу ў дыялогу паміж людзьмі, - адзначыў Папа падчас сустрэчы з студэнтамі і выкладчыкамі LUMSA.

Свабодны ўніверсітэт Унебаўзяцце Найсвяцейшай Марыі святкуе сёлета свой 80-ы юбілей.

Фактычна, універсітэт прадугледжвае фармацыйную і адукацыйную прыхільнасць, і тут прыметнік “каталіцкі” не ўносіць адрозненне, а хутчэй абавязвае да ўзорнасці: гэта адукацыя, якая вядзе да крытычнага мыслення і прапануе шлях сталення ў каштоўнасцях, - адзначыў Францішак.

Пантыфік заклікаў студэнтаў і выкладчыкаў да будавання “зладжанасці”, вернасці і супольнасці. “Універсітэцкая супольнасць заўсёды працуе на будучыню, але робіць гэта з моцным усведамленнем каранёў і рэалістычным успрыманнем сучаснасці”, - адзначыў ён.

Францішак лічыць, што каталіцкі ўніверсітэт павінен кіравацца “культурнай і місійнай адказнасцю” у адносінах са светам. Ён заклікаў не баяцца ўжываць слова “праўда”, таму што яно спалучана з іншымі двума: “свабода” і “дабро”. Таксама каталіцкая ВНУ павінна несці на сабе “сацыяльную адказнасць”: рэалізаваць праекты інтэгральнага развіцця “разам з жывымі сіламі грамадства”.

“Міжвузаўская адказнасць” – вельмі важны выклік. Папа запрасіў LUMSA да супрацоўніцтва з іншымі каталіцкімі ўніверсітэтамі “на карысць стварэння інавацыйных адукацыйных і навукова-даследчых праектаў, арыентаваных на інтэлектуальную дабрачыннасць, не адмаўляючыся ад праўды і не задавольваючыся пасрэднасцю”.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей “адкрыць сэрца і розум” на разнастайнасць, даючы ад сябе “нешта арыгінальнае, канкрэтнае і карыснае”. “Вы, моладзь, не бойцеся быць патрабавальнымі да сваіх выкладчыкаў, якія, каб стаць настаўнікамі, павінны быць таксама сведкамі. А вы, выкладчыкі, не бойцеся патрабаваць ад сваіх студэнтаў, каб яны паказалі ўсё самае лепшае”, - даў параду Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лістапада 2019, 14:52