Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: капіталізм павінен служыць цэласнаму дабрабыту чалавека

Існуе патрэба ў “больш інклюзіўных і справядлівых эканамічных мадэлях, якія дазволяць кожнаму чалавеку карыстацца рэсурсамі гэтага свету і рэалізаваць свой патэнцыял”, - перакананы Папа.

11 лістапада 2019 г. Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з членамі Рады па пытаннях інклюзіўнага капіталізму (Council for Inclusive Capitalism). Ён заўважыў, што структура паклікана паставіць капіталізм на службу “цэласнаму дабрабыту чалавека”, для чаго неабходна “перамога над эканомікай адчужэння і змяншэнне прорвы, што аддзяляе большую частку людзей ад дабрабыту, якім карыстаецца меншасць”.

Папа зазначыў, што “сапраўдны прагрэс не можа абмяжоўвацца выключна эканамічным ростам, але павінен спрыяць развіццю кожнага чалавека і ўсяго чалавека”. Трэба “больш, чым проста ўпарадкоўваць рахункі, паляпшаць інфраструктуру і забяспечваць большую разнастайнасць спажывецкіх тавараў”.

“Гэта прадугледжвае, у першую чаргу, абнаўленне, ачышчэнне і ўмацаванне дзеючых эканамічных мадэляў, што павінна грунтавацца на нашым асабістым навяртанні і шчодрасці да патрабуючых. Эканамічная сістэма, пазбаўленая этычнага падыходу, вядзе не да больш справядлівага грамадскага парадку, а да культуры “скарыстай і выкінь”, культуры спажывальніцтва і марнатраўства”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа нагадаў, што людзі, якія займаюцца эканамічнай і камерцыйнай дзейнасцю, пакліканы служыць агульнаму дабру, павялічваючы даброты і робячы іх даступнымі для ўсіх. Важна не “мець больш”, але “быць больш”, а для гэтага патрэбна “абнаўленне сэрца і розуму, каб у цэнтры сацыяльнага, культурнага і эканамічнага жыцця заўсёды стаяў чалавек”, - падкрэсліў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 лістапада 2019, 12:42