1574337388123.jpg

Папа да тайландскага Касцёла: не жыць мінулым – глядзець наперад

Евангелле ставіць складаныя пытанні, якія імкнуцца ўскалыхнуць вучняў і заахвоціць іх ісці па шляху да праўды, здольнай нараджаць жыццё, - заўважыў Папа 21 лістапада 2019 г. на св. Імшы ў Бангкоку.

Падчас гаміліі, Францішак узгадаў першых місіянераў Тайланда, якія прыйшлі на гэтую зямлю, “спрабуючы адказаць на пытанні Хрыста” і разумеючы, што “належаць да сям’і, значна большай за народжаную з крыві, культуры, рэгіёну або групы”. Без сустрэчы хрысціянства з тайскай культурай яму сёння шмат чаго б не хапала. Місіянеры разгледзелі план Бога, “нашмат большы за нашы разлікі і прагнозы, які не можа быць зведзены да жменькі людзей або да пэўнага культурнага кантэксту”.

“[Вучань-місіянер – гэта не наёмнік веры або вярбоўшчык празелітаў, але жабрак, які прызнае, што яму не хапае братоў, сясцёр і маці, з якімі можна было б цэлебраваць і святкаваць бязвыплатны дар прымірэння, які Езус дае нам усім]”

, - заўважыў Папа.

Пантыфік спаслаўся на юбілей 350-годдзя стварэння Сіямскага Апостальскага вікарыяту і заклікаў не жыць настальгіяй па мінулым, але распальваць “полымя надзеі”, каб і сёння жыць з той жа рашучасцю, сілай і даверам, што і першыя місіянеры Тайланда.

“Мы ўсе вучні-місіянеры, калі вырашаем стаць жывой часткай сям’і Пана і робім гэта, дзелячыся з іншымі, як гэта рабіў Ён: не баяўся сядзець разам з грэшнікамі, каб пераканаць іх, што за сталом Айца і стварэння падрыхтавана месца і для іх. Ён дакранаўся да тых, хто лічыў сябе нячыстымі, і, даючы ім дакрануцца да сябе, дапамог ім зразумець Божую блізкасць і тое, што яны благаслаўлёныя”, - адзначыў Святы Айцец.

Ён патлумачыў, што мае на ўвазе, між іншым, дзяцей і жанчын, якія падвяргаюцца прастытуцыі і гандлю людзьмі, знявечаныя ў сваёй самай сапраўднай годнасці; маладых рабоў наркотыкаў і адсутнасці сэнсу; мігрантаў, пазбаўленых дамоў і сем’яў, а таксама многіх іншых, якія адчуваюць сябе забытымі, асірацелымі, пакінутымі.

Папа нагадаў, што ўсе гэтыя асобы належаць да нашай хрысціянскай сям’і. “Не будзем пазбаўляць нашыя супольнасці іх твараў, ран, усмешак, жыцця. Не будзем пазбаўляць іх раны і траўмы міласэрнага памазання Божай любоўю. Вучань-місіянер ведае, што евангелізацыя заключаецца не ў памнажэнні колькасці прыходзячых ці ва ўражанні магутнасці, а ў адкрыцці дзвярэй, для таго, каб адчуць і падзяліцца міласэрнымі і гаючымі абдымкамі Бога Айца, Які стварае нас сям’ёй”, - адзначыў Францішак.

Папа пажадаў тайландскай каталіцкай супольнасці “ісці наперад па слядах першых місіянераў, каб сустрэць, адкрыць і распазнаць з радасцю твары маці, бацькаў і братоў, якіх хоча падарыць нам Пан і якія пакуль адсутнічаюць на нашым нядзельным свяце”.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лістапада 2019, 12:58