Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа на “Анёл Панскі”: святасць – гэта дар і пакліканне

Святасць – гэта жыццё ў поўнай еднасці з Богам, ужо цяпер, падчас гэтай зямной пілігрымкі, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Яна прайшла 1 лістапада 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“Сённяшняя ўрачыстасць Усіх Святых нагадвае нам, што ўсе мы пакліканы да святасці. Святыя ўсіх часоў, якіх сёння ўзгадваем усіх разам, з’яўляюцца не проста сімвалам, далёкімі, недасяжнымі людзьмі. Наадварот, гэта асобы, якія жылі на зямлі. Яны зведалі штодзённы цяжар існавання з яго поспехамі і падзеннямі, знаходзячы ў Пану моц, каб заўсёды падымацца зноў і працягваць шлях. З гэтага можна зразумець, што святасць – гэта мэта, якой немагчыма дасягнуць толькі ўласнымі сіламі; гэта плён Божай ласкі і нашага свабоднага адказу на яе. Такім чынам, святасць – гэта дар і пакліканне.

Застаючыся Божай ласкай, Яго дарам, гэта штосьці, што не можам набыць або абмяняць, але прыняць, тым самым прымаючы ўдзел у самім Боскім жыцці праз Духа Святога, які жыве ў нас з дня нашага хросту. Зерне святасці – гэта менавіта хрост. Гаворка ідзе пра ўсё большае выспяванне ўсведамлення, што мы злучаныя ў Хрысце, як парастак з’яднаны з вінаграднай лазой, і таму можам і павінны жыць з Ім і ў Ім, як Божыя дзеці.

“[Такім чынам, святасць – гэта жыццё ў поўнай еднасці з Богам, ужо цяпер, падчас гэтай зямной пілігрымкі.]”

Аднак святасць, апрача таго, што з’яўляецца дарам, ёсць яшчэ і заклікам. Гэта пакліканне, агульнае для ўсіх нас, хрысціян, вучняў Хрыста. Гэта шлях паўнаты, які кожны хрысціянін пакліканы пераадолець у веры, ідучы да канчатковай мэты: да канчатковага адзінства з Богам у жыцці вечным. Так святасць становіцца адказам на дар Бога, таму што праяўляецца як прыняцце адказнасці. У гэтай перспектыве важна рабіць штодзённыя намаганні для святасці ва ўмовах, у абавязках і ў абставінах нашага жыцця, стараючыся пражываць кожную рэч з любоўю, з міласэрнасцю.

Святыя, якіх сёння ўшаноўваем у літургіі, – гэта браты і сёстры, якія ў сваім жыцці вызналі патрэбу ў гэтым Боскім святле, з даверам даручыўшы сябе яму. І цяпер перад тронам Бога (пар. Ап 7, 15) навекі спяваюць Яму хвалу. Яны складаюць “Святы Горад”, на які мы з надзеяй пазіраем як на нашую канчатковую мэту, пакуль пілігрымуем па гэтым “зямным горадзе”. Ідзём у кірунку гэтага “Святога Горада”, дзе нас чакаюць святыя браты і сёстры. Гэта праўда, мы стомленыя па прычыне суровасці гэтага шляху, але надзея дае нам сілы ісці наперад. Гледзячы на іх жыццё, маем стымул, каб наследаваць іх. Сярод іх шмат сведак святасці “суседніх дзвярэй, тых, хто жыве побач з намі і з’яўляецца адбіткам Божай прысутнасці” (Gaudete et exsultate, 7)

Браты і сёстры, памяць пра Святых штурхае нас да таго, каб узняць вочы да неба: не з тым, каб забыць пра зямную рэчаіснасць, але каб адказваць на яе з большай мужнасцю, з большай надзеяй. Няхай нас суправаджае сваім матчыным заступніцтвам Марыя, нашая Найсвяцейшая Маці, сімвал суцяшэння і трывалай надзеі”, - завяршыў свае разважанні Францішак.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў усім сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 лістапада 2019, 14:15