Пошук

Vatican News
Сястра Ана Роза Сіворы Сястра Ана Роза Сіворы  (Jiraporn Kuhakan)

Пантыфіка ў Тайландзе суправаджае сваячка-манахіня

20 лістапада 2019 г. у аэрапорце Бангкока Святога Айца сустракалі не толькі прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў, але таксама яго 77-гадовая стрыечная сястра Ана Роза Сіворы.

Аргентынская салезіянка, якая жыве і працуе ў Тайландзе ўжо больш за 50 гадоў, прызналася, што Францішак асабіста прапанаваў ёй быць перакладчыцай падчас некаторых сустрэч у рамках візіту ў краіну. “Для мяне гэта было вельмі нечакана і я вельмі ганаруся гэтым”, - прызналася манахіня ў інтэрв’ю іспанскаму інфармацыйнаму агенцтву “EFE”.

Сястра Ана Роза Сіворы прыбыла ў Тайланд у 1966 г. Яна працуе ў адной з пяці каталіцкіх школ для дзяўчынак, якія салезіяне адкрылі ў гэтай паўднёва-азіяцкай краіне. Манахіня распавяла, што даволі хутка вывучала тайландскую мову, што неабходна для камунікацыі з мясцовым насельніцтвам, асабліва з самымі беднымі.

Свайго стрыечнага брата яна называе проста па імені – Хорхэ. “У маладосці ён быў хлопцам, які з ахвотай вучыўся і быў вялікімі аматарам футбола. Наша сям’я была вельмі з’яднанай і ў Аргентыне мы часта збіраліся ў сямейным коле”, - распавяла сястра Ана Роза. Яе лучыць з Пантыфікам асоба прадзядулі.

Законніца заўважыла, што католікі добра сябе пачуваюць у Тайландзе, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца меншасцю. Іх каля 400 тыс. чалавек: 0,6% ад 69-льённага насельніцтва краіны, большасць якога – вызнаўцы будызму.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2019, 14:35