Аўдыенцыя для членаў руху “Евангелізацыйныя парафіяльныя ячэйкі” Аўдыенцыя для членаў руху “Евангелізацыйныя парафіяльныя ячэйкі” 

Пантыфік: сведчанне – прыярытэтны шлях евангелізацыі

“Калі сустрэча з’яўляецца плёнам хрысціянскай любові – змяняе жыццё, бо дасягае сэрца”, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з членамі руху “Евангелізацыйныя парафіяльныя ячэйкі”.

Святы Айцец прыняў каля 6 тыс. евангелізатараў з розных краін свету на аўдыенцыі, якая 18 лістапада 2019 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Сустрэча была прымеркавана да 30-годдзя руху, заснаванага міланскім святаром, кс. Пьерджорджа Перыні.

“Не стамляйцеся ніколі ісці па шляхах, якія Дух Уваскрослага Пана адкрывае перад вамі. Няхай вас не спыняе ніякі страх перад новым і няхай не запавольваюць вашыя крокі цяжкасці, якія з’яўляюцца непазбежнымі на шляху евангелізатара”, - пажадаў Францішак.

Папа заклікаў членаў Евангелізацыйных парафіяльных ячэек чэрпаць сілу і запал у малітве, слуханні Божага слова і цэлебрацыі Яго смерці і ўваскрасення.

Паводле Святога Айца, важна не наракаць па прычыне таго, што шмат людзей “аддаліліся ад нашых парафій”, але сустракаць іх “там, дзе яны жывуць і працуюць”.

“Калі мы сустрэлі Хрыста ў нашым жыцці, не можам трымаць Яго толькі для сябе. Вельмі важна дзяліцца гэтым досведам з іншымі; гэта прыярытэтны шлях евангелізацыі. Не забывайцеся: кожны раз, калі сустракаеце кагосьці, пачынаецца гісторыя, якая можа змяніць жыццё чалавека. Гэта не значыць займацца празелітызмам, але даваць сведчанне. Заўсёды адбывалася так”, - дадаў Папа.

Францішак пажадаў сваім гасцям даваць сведчанне аб міласэрнасці Бога, захоўваючы асаблівую ўвагу да самых малых, з якімі атаясамліваў сябе сам Езус.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лістапада 2019, 14:45