1574500767241.JPG

Пантыфік распачаў свой Апостальскі візіт у Японію

Папа прыбыў у Японію. Самалёт тайландскай авіякампаніі прызямліўся ў 17.32 па мясцовым часе ў аэрапорце сталіцы. Падчас візіту, які будзе доўжыцца да 26 лістапада 2019 г., ён наведае Токіо, Нагасакі і Хірасіму.

Дэвіз пілігрымкі – “Абараніць кожнае жыццё”. Гэта 32-я замежная паездка Францішка і чацвёртая ў Азію. Раней, 19-23 лістапада, ён наведаў Тайланд. Гэта другое знаходжанне Наступніка св. Пятра на японскай зямлі. У лютым 1981 г. на яе ступіў Ян Павел II. Сёлета адзначаецца 470-я гадавіна прыбыцця ў краіну св. Францішка Ксаверыя.

Ля трапа самалёта Папу сустрэў віцэ-прэм’ер Таро Асо. Двое дзяцей у нацыянальных строях падарылі Святому Айцу букет кветак. Былі аддадзены ваенныя ўшанаванні. Касцёл падчас цырымоніі прадстаўлялі, сярод іншых, кардынал Томас Аквінас Маэда з Осакі, арцыбіскуп Тырчызіа Ісао Кікучы з Токіа, арцыбіскуп Джозэф Міцуакі Такамі з Нагасакі і Апостальскі нунцый у Японіі, арцыбіскуп Джозэф Чэнот. Пасля кароткай цырымоніі віцэ-прэм’ер з Пантыфікам накіраваліся ў VIP-залу для кароткай прыватнай размовы.

З аэрапорта Францішак накіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў такійскім раёне Чыёда, якая стане яго рэзідэнцыяй падчас знаходжання ў Японіі. Тут ён сустрэнецца з мясцовымі біскупамі.

Заўтра раніцай, у нядзелю Хрыста, Валадара Сусвету, Папа адправіцца самалётам у Нагасакі – самы каталіцкі горад краіны. Там, у Парку міра, дзе быў эпіцэнтр выбуху атамнай бомбы 9 жніўня 1945 г., ён скіруе “антыядэрнае” пасланне.

Затым на гары Нішызака ля Помніка мучанікам – на месцы забойства мясцовых католікаў і місіянераў – Пантыфік аддасць даніну ахвярам больш чым двух з паловай стагоддзяў пераследу католікаў. Гэты пакутлівы перыяд скончыўся толькі ў канцы ХІХ стагоддзя. Там ён прамовіць малітву “Анёл Панскі”.

Пасля абеду Святы Айцец будзе цэлебраваць св. Імшу на мясцовым бейсбольным стадыёне, пасля чаго адправіцца самалётам у Хірасіму, якая першай стала ахвярай ядзернай атакі падчас Другой сусветнай вайны. Там, ля Помніка міра, Францішак скіруе сваё адмысловае мірнае пасланне. Потым вернецца ў Токіо. У гэты дзень працягласць маршрута Пантыфіка складзе каля 2,5 тыс. км.

Каталіцкі Касцёл у Японіі – гэта каля 450 тыс. асоб, што складае 0,3% ад 127-мільённага насельніцтва. Найбольш вернікаў у Такійскай міраполіі – 174 тыс. Другая па колькасці група каталікоў жыве на востраве Кюсю – 106 тыс. (60 тыс. у архідыяцэзіі Нагасакі), большасць з іх – гэта нашчадкі “падпольных хрысціян” з часоў, калі хрысціянства ў Японіі было забаронена.

Епіскапат краіны складаюць 29 іерархаў. Тут працуюць больш за тысячу святароў і 29 дыяканаў, з іх больш за 500 – не японцы. Паводле статыстыкі за 2018 г., да святарства рыхтаваліся 74 семінарысты, з якіх 31 – дыяцэзіяльныя.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 лістапада 2019, 11:42