Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік прывітаў краіны-удзельніцы Манрэальскага пратакола

Папа скіраваў пасланне да ХХХІ сустрэчы краін-удзельніц Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой. Святы Пасад ратыфікаваў дакумент у 2008 г.

Францішак нагадаў, што рэжым абароны азонавага слою трывае ўжо 35 гадоў. Ён стаў плёнам шырокага і плённага супрацоўніцтва паміж навукоўцамі, палітыкамі, прадстаўнікамі свету эканомікі, прамысловасці, грамадзянскай супольнасці, якія сабраліся ў Рыме.

“Гэта супрацоўніцтва прадэманстравала тое, якім чынам можам дасягнуць “важныя вынікі, якія ў той жа час дапамогуць захаваць стварэнне, будуць спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавека і клопату пра агульнае дабро ў духу адказнай салідарнасці і з глыбокімі станоўчымі наступствамі для сучасных і будучых пакаленняў”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў, што абарона навакольнага асяроддзя, гэта выклік, на які нельга адказаць выключна на тэхналагічным узроўні. Патрэбна ўсведамленне ўзаемасувязі ўсяго на планеце, у тым ліку паміж праблемай азонавага слою і глабальным пацяпленнем.

Святы Айцец абвясціў аб намеры Апостальскай Сталіцы далучыцца да Кігалійскай папраўкі да Манрэальскага пратаколу, якая тычыцца абавязацельстваў па скарачэнні вытворчасці і выкарыстання гідрафторвугляродаў.

Папа заклікаў садзейнічаць культуры, скіраванай на агульнае дабро. Гэтаму, на яго думку, павінны спрыяць адукацыйныя і культурныя цэнтры, выхаванне палітычнай, навуковай і эканамічнай адказнасці. Трэба спытаць сябе пра тое, ці сапраўды прагрэс накіраваны на агульную карысць, устойлівае і інтэгральнае развіццё чалавека, ці ён не шкодзіць планеце і якасці жыцця большай часткі чалавецтва? - напісаў Пантыфік.


 

07 лістапада 2019, 15:16