Пошук

Vatican News

Пантыфік да жыхароў Тайланда: натхняйце на жыццё ў салідарнасці

Францішак прызнаўся, што сваёй пілігрымкай у Тайланд спадзяецца паспрыяць акцэнтаванню ўвагі на важнасці міжрэлігійнага дыялогу, узаемапаразумення і братэрскага супрацоўніцтва.

Напярэдадні Апостальскага падарожжа ў Тайланд, якое распачнецца 19 лістапада 2019 г., Святы Айцец звярнуўся да жыхароў гэтай краіны пасродкам адмысловага відэапаслання.

Перш за ўсё, Папа звярнуў увагу на тое, як многа гэтая “шматэтнічная і разнастайная нацыя, што валодае багатымі духоўнымі і культурнымі традыцыямі”, зрабіла для ўсталявання “гармоніі і мірнага суіснавання не толькі ўнутры свайго народа, але ва ўсім рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі”.

“У гэтым свеце, які занадта часта зазнае рознагалоссі, падзелы, эксклюзію, такое ўзгодненнае фарміраванне паважлівага адзінства годнасці кожнага мужчыны, жанчыны і дзіця можа служыць натхненнем для намаганняў, якія людзі добрай волі ва ўсім свеце маглі б рабіць для сапраўднага вялікага развіцця нашай чалавечай сям’і ў духу салідарнасці, справядлівасці і спакою”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што падчас сустрэчы з каталіцкай супольнасцю Тайланда спадзяецца падбадзёрыць яе ў веры і натхніць на далейшую працу на карысць свайго грамадства. Акрамя таго, ён прызнаўся, што жадае ўмацаваць сяброўскія сувязі з будыстамі, якія, па словах Папы, “красамоўна сведчаць пра талерантнасць і згоду” – каштоўнасці, так характэрныя для народа Тайланда.

Францішак выказаў спадзяванне, што яго пілігрымка паспрыяе акцэнтаванню ўвагі “на важнасці міжрэлігійнага дыялогу, узаемапаразумення і братэрскага супрацоўніцтва, асабліва ў справе служэння бедным, найбольш патрабуючым і на карысць міру”.

На заканчэнне відэазвароту Пантыфік падзякаваў усім, хто прымае ўдзел у падрыхтоўцы яго падарожжа, і запэўніў жыхароў Тайланда, што асабліва ў гэтыя дні памятае пра іх у сваіх малітвах.

Нагадаем, што чарговае, 32-е па ліку Апостальскае падарожжа Францішка за межы Італіі, адбудзецца 19-26 лістапада 2019 г. Падчас яе Папа наведае Тайланд і Японію. У Тайландзе ён будзе знаходзіцца з 20 па 23 лістапада 2019 г.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 лістапада 2019, 12:25