Пошук

1573319243476.JPG

Пантыфік: няма такога сэрца, у якім не хацеў бы адрадзіцца Езус

У свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базылікі, якое адзначалася 9 лістапада 2019 г., Папа цэлебраваў св. Імшу ў гэтай святыні. У літургіі прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх парафій Вечнага горада.

У гаміліі Францішак выказаў радасць з прычыны ўвагі да бедных, евангелізацыйнага энтузіязму, адкрытасці на дыялог, пакоры і бескарыслівасці членаў рымскай каталіцкай супольнасці.

“Заклікаю вас жыць усім гэтым не ў якасці цяжкой працы, але з духоўнай лёгкасцю: замест таго, каб трывожыцца аб эфектыўнай дзейнасці, важней пашыраць успрымальнасць, каб адчуць прысутнасць і дзейнасць Бога ў горадзе. Гэта сузіранне, якое нараджаецца з любові”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў рымскіх душпастыраў быць “мудрымі архітэктарамі”, якія дапамагаюць вернікам узводзіць свой “духоўны будынак” на фундаменце Евангелля.

“Гэта ваша заданне, сутнасць вашага служэння: дапамагаць супольнасці, каб заўсёды была ля ног Пана, каб слухала Яго слова; трымаць яе на адлегласці ад усялякай марнасці, ад кепскіх кампрамісаў; бараніць фундаменты і святыя карані духоўнай пабудовы; абараняць яе ад драпежных ваўкоў, ад тых, хто хацеў бы, каб яна сышла са шляху Евангелля”, - нагадаў Папа.

Звяртаючыся да членаў парафіяльных душпастырскіх груп, Пантыфік падкрэсліў, што яны пакліканы дапамагаць сваім супольнасцям і пастырам дасягнуць усіх жыхароў гораду, акрэсліваючы новыя шляхі, каб сустрэць тых, хто прабывае далёка ад веры і Касцёла.

“Каб выконваць гэта служэнне, насіце ў сабе ўсведамленне, перакананасць, што не існуе чалавечага сэрца, у якім Хрыстус не прагне і не можа адрадзіцца. У нашым жыцці грэшнікаў мы часта адварочваемся ад Пана і гасім Духа. Нішчым святыню Бога, якая ёсць у кожным з нам. Але гэта ніколі не з’яўляецца канчатковай сітуацыяй: Пану дастаткова тры дні, каб адбудаваць у нас сваю святыню! Ніхто, незалежна ад таго, наколькі моцна быў паранены злом, не асуджаны на гэтай зямлі на тое, каб быць назаўсёды адлучаным ад Бога”, - сцвердзіў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 лістапада 2019, 10:32