Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: сітуацыя турмаў – люстэрка грамадства

Сітуацыя турмаў працягвае быць адлюстраваннем нашай грамадскай рэальнасці, падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для удзельнікаў Міжнароднай сустрэчы адказных за турэмнае душпастырства.

Сустрэча адбылася 8 лістапада 2019 г. у Ватыкане. У ёй прынялі ўдзел каля 50 чалавек. Пантыфік нагадаў, што ўвесь Касцёл, у сілу вернасці місіі, якая была яму даручана Хрыстом, “пакліканы нястомна несці Божую міласэрнасць найбольш уразлівым і безабаронным, у якіх прысутны сам Езус”.

Святы Айцец звярнуў увагу сваіх гасцей на той факт, што вельмі часта грамадствы бачаць рашэнне праблем сумеснага жыцця ў ізаляванні і пазбаўленні свабоды тых людзей, якія дзейнічаюць насуперак грамадскім нормам.

“[Значна прасцей пазбавіць свабоды, чым выхаваць; значна прасцей закрываць вочы на несправядлівасць, якая існуе ў грамадстве і ствараць месцы, у якіх можна аддаць забыццю парушальнікаў, замест таго, каб даваць роўныя магчымасці для развіцця ўсім грамадзянам]”

, - зазначыў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што спробы перавыхавання і рэінтэграцыі вельмі часта церпяць паразу. Прычын для гэтага шмат: недахоп рэсурсаў, перапоўненасць турмаў, якая “перамяняе выпраўленчыя ўстановы ў сапраўдныя месцы дэперсаналізацыі”.

У той жа час Францішак заўважыў, што “сапраўдная рэінтэграцыя пачынаецца з гарантавання магчымасці для развіцця, атрымання адукацыі, годнай працы, доступу да сферы аховы здароўя, а таксама стварэння публічнай прасторы для ўдзелу ў грамадскім жыцці”. Папа падкрэсліў, што сёння грамадствы пакліканы не клеймаваць людзей, якія зрабілі памылку, але забяспечваць іх дапамогай і рэсурсамі, неабходнымі для вядзення годнага жыцця.

“[Мы прызвычаіліся спісваць ва ўтыль людзей, замест таго, каб лічыцца з намаганнямі, якія яны прыкладаюць, аб адплаціць за Божую любоў у сваім жыцці]”

, - дадаў ён.

“Вельмі часта, пакінуўшы турму, чалавек павінен жыць у свеце, які яму цалкам чужы, які не лічыць яго вартым даверу, даходзячы нават да пазбаўлення яго магчымасці працаваць і атрымліваць годны заробак. Калі мы перашкаджаем людзям вярнуць уласную годнасць, яны зноў апынаюцца перад пагрозамі, што спадарожнічаюць адсутнасці магчымасцяў для развіцця, пасярод насілля і небяспекі”, - заўважыў Папа.

“Як хрысціянская супольнасць мы павінны задаць сабе пытанне. Калі гэтыя браты і сёстры, ужо адбылі пакаранне за ўчыненае зло, чаму, праз непрыняцце і раўнадушша, на іх плечы накладаецца новае грамадскае пакаранне?”, - спытаў Святы Айцец.

“[У многіх сітуацыях гэтае непрыняцце грамадствам становіцца яшчэ адной прычынай для таго, каб падштурхнуць іх да паўтарэння памылак]”

, - папярэдзіў ён.

Папа запэўніў у малітве каталіцкіх душпастыраў, якія працуюць са зняволенымі ў турмах, якія дапамагаюць людзям, што адбылі турэмнае пакаранне, а таксама іх сем’ям.

“Праз сведчанне і служэнне, якое аказваеце, вы захоўваеце вернасць Езусу Хрысту. Жадаю, каб напрыканцы нашага жыцця мы маглі пачуць голас Хрыста, які пакліча нас, кажучы: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету... тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 34.40), - сказаў Францішак на заканчэнне аўдыенцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 лістапада 2019, 16:27