Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта 

Францішак пра фінансавыя скандалы ў Ватыкане

У рамках прэс-канферэнцыі, якую Святы Айцец даў падчас пералёту з Токіо ў Рым, 26 лістапада 2019 г., некаторыя пытанні журналістаў тычыліся фінансавай сітуацыі ў Ватыкане.

Францішка папрасілі пракаментаваць выпадак набыцця Апостальскай Сталіцай элітнай нерухомасці ў цэнтры Лондана, на што былі патрачаны сотні тысяч еўра з ахвяраванняў, якія збіраліся ў Касцёле ў рамках ініцыятывы “Грош св. Пятра”.

Папа звярнуў увагу на тое, што фінансавымі рэсурсамі – у тым ліку тымі, якія паступаюць у Ватыкан дзякуючы збору ахвяраванняў, – неабходна добра распараджацца. Каб грошы не абясцэніліся і не ляжалі “у шуфлядзе”, трэба рабіць інвестыцыі, у тым ліку набываючы нерухомасць, каб потым здаваць яе ў арэнду ці прадаваць, прызначаючы выручаныя сродкі на ініцыятывы Касцёла. Важна, аднак, каб інвестыцыі суадносіліся з этыкай, - заўважыў Францішак.

Каментуючы канкрэтна гэты выпадак, Пантыфік заўважыў, што падазроная інвестыцыя была заўважана падчас унутранай ватыканскай праверкі. Рэвізор паінфармаваў аб ёй Святога Айца, які ўхваліў расследаванне на прадмет выяўлення карупцыйнага складніка. Пад падазрэннем знаходзяцца пяць асоб, якія дагэтуль карыстаюцца прэзумпцыяй невінаватасці, - падзяліўся Францішак. Ён заўважыў, што выкрыццё падазронай аперацыі ўласнымі сіламі з’яўляецца плёнам рэформаў у фінансавай сферы, якія ініцыяваў яшчэ Бэнэдыкт XVI.

Пра эфектыўнасць змен у ватыканскай фінансавай сістэме і яе надзейнасці, на думку Святога Айца, сведчыць і той факт, што з Інстытутам рэлігійных спраў – Ватыканскім банкам супрацоўнічаюць усе банкі Італіі, чаго не было яшчэ год таму.

Францішак заўважыў, што ў бліжэйшыя месяцы адбудзецца чарговая планавая праверка ватыканскіх фінансаў з боку “Moneyval”, а таксама нагадаў, што пасля яго вяртання ў Рым будзе прызначаны новы старшыня Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 лістапада 2019, 09:30