Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аргентынскага Інстытута міжрэлігійнага дыялогу Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі аргентынскага Інстытута міжрэлігійнага дыялогу 

Францішак: міжрэлігійны дыялог – не праява слабасці

Дыялог паміж рэлігіямі – не праява слабасці, але магчымасць даць плённы адказ на войны, беднасць і насілле, - перакананы Святы Айцец. Аб гэты ён заявіў 18 лістапада 2019 г.

Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай аргентынскім Інстытутам міжрэлігійнага дыялогу. Форум быў прысвечаны Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, якую Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар, шэйх Ахмед Эль Таеб, падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі.

Святы Айцец нагадаў сваім гасцям, што людзі, якія вераць у Бога, павінны быць “фактарам міру для грамадстваў”, асабліва ў цяперашні час, пазначаны недахопам у дыялогу.

Перад абліччам “несправядлівых” абвінавачванняў у тым, што рэлігіі “распальваюць нянавісць” і з’яўляюцца “прычынай насілля”, Пантыфік заклікаў рашуча сведчыць, што “інтэгралізм – гэта пошасць”, і памятаць пры гэтым пра існаванне інтэгралісцкіх груп унутры кожнай рэлігіі.

Паводле Папы, свет няспынна назірае за людзьмі, якія вераць у Бога, і іх адносінамі да нашага супольнага дому і правоў чалавека. Ён падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва таксама з няверуючымі, дзеля таго, каб эфектыўна адказаць на шматлікія раны сучаснага свету: войны і голад, беднасць і праблемы экалогіі, крызіс інстытута сям’і і эканомікі, а ў першую чаргу на крызіс надзеі.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 лістапада 2019, 14:16