Пошук

Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця 

Францішак: глядзець на рэчаіснасць вачыма Маці-Касцёла

Служэнне свецкім, сем’і і жыццю патрабуе набыцця позірку Маці-Касцёла, пастаяннай рэфлексіі над тым, як Касцёл бачыць і адчувае рэчаіснасць, лічыць Папа.

16 лістапада 2019 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Папа заўважыў, што хацеў бы распавесці сваім гасцям не пра пэўныя праблемы і выклікі, якія патрабуюць вырашэння і адказу, але пра тое, якім чынам трэба падыходзіць да працы.

У першую чаргу Пантыфік заклікаў імкнуцца глядзець на душпастырскія праекты, выклікі і праблемы з пункту гледжання Маці-Касцёла. Ён нагадаў, што маці заўсёды прагне “згоды паміж усімі сваімі дзецьмі”, у сувязі з чым заклікаў прадстаўнікоў Дыкастэрыі садзейнічаць братэрскаму супрацоўніцтву паміж свецкімі, паміж святарамі і кансэкраванымі асобамі, паміж пастырамі і вернікамі, пазбягаючы “супрацьстаяння і бясплённага антаганізму” і спрыяючы агульнаму дабру адзінай сям’і, якой ёсць Касцёл.

Францішак заўважыў, што маці паклікана таксама дапамагаць сваім дзецям узрастаць, каб былі здольнымі без страху адказаць на сучасныя выклікі. “Касцёл, як і кожная маці, прагне, каб яго дзеці ўзрасталі, становячыся аўтаномнымі, крэатыўнымі і прадпрымальнымі, каб не заставаліся інфантыльнымі”, - сцвердзіў Папа.

“[Усе свецкія вернікі, дзеці Касцёла, павінны падтрымлівацца на шляху ўзрастання і ператварэння ў “дарослых”, каб перамагалі супраціў і страх, выходзілі з укрыцця, з адвагай і мужнасцю ставілі свае таленты на службу новым місіям у грамадстве, культуры, палітыцы, каб без страху і комплексаў адказвалі на выклікі сучаснага свету]”

, - дадаў ён.

Папа заўважыў, што штодзённыя цяжкасці шматлікіх вернікаў ва ўсім свеце, умацоўваюцца беднасцю, сацыяльная нестабільнасцю, антырэлігійным пераследам, антыхрысціянскай ідэалагічнай прапагандай. Перад абліччам гэтых з’яў неабходна вучыць не толькі актыўнай дзейнасці, але таксама бараніць веру.

“У нашы дні як ніколі неабходна вучыць дзяцей, падлеткаў, моладзь, сужэнскія пары малітоўнаму жыццю, штодзённаму і шчыраму дыялогу з Богам. Таму не трэба баяцца даручаць свецкім вернікам суправаджэнне іншых свецкіх вернікаў у духоўным жыцці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 лістапада 2019, 14:09