Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Відэапасланне Святога Айца да хрысціянскай марской асацыяцыі

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў ХІ Сусветнай канферэнцыі аб’яднання “International Christian Maritime Association”, якая з 21 па 25 кастрычніка праходзіць у Тайвані.

Нагодай для паслання Пантыфіка стала 50-годдзе арганізацыі. Яна аб’ядноўвае хрысціянскія душпастырскія службы, якія нясуць дапамогу маракам у 125 краінах свету. Папа пажадаў, каб вынікам сустрэчы стала вызначэнне новых і больш эфектыўных форм дапамогі маракам і рыбакам, а таксама іх сем’ям.

“Яшчэ цалкам актуальным застаецца Апостальскі ліст “Stella maris”, выдадзены ў 1997 г., у якім св. Ян Павел ІІ акрэсліў фундаментальныя напрамкі душпастырскага клопату аб вялікай колькасці людзей, што працуюць у моры, аб іх блізкіх, а таксама аб тых, хто падарожнічае морам. У гэтым дакуменце мой папярэднік заклікаў прыкласці ўсе намаганні, каб “людзі мора мелі ў дастатку сродкі, неабходныя для святога жыцця”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў “розных хрысціянскіх традыцый”, якія ўваходзяць у склад арганізацыі, дапамагаць “людзям мора пазнаваць Езуса Хрыста і жыць згодна з Яго навучаннем, ва ўзаемнай павазе і адкрытасці адно да аднаго”.“Заклікаю вас перамагаць цяжкасці, якія часам можаце сустрэць у вашай місіі, з перакананасцю прасоўваючы дух экуменізму...”, - сказаў Папа.

“International Christian Maritime Association” (Міжнародная хрысціянская марская асацыяцыя) была заснавана ў 1969 г. У яе склад уваходзіць 28 душпастырскіх службаў розных канфесій. Каталіцкі Касцёл прадстаўлены марскім душпастырствам “Stella Maris”, якое дзейнічае ў больш чым 300 партах у 55 краінах свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 кастрычніка 2019, 10:42