Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец да біскупаў Еўропы: будзьце бясстрашнымі ў любові

Папа Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Пленарнага пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, у якім заклікаў іерархаў быць бясстрашнымі ў любові і спрыяць новаму еўрапейскаму гуманізму.

У звароце на імя кардынала Анджэла Баньяска, старшыні Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, падкрэсліваецца, што тэма пасяджэння – “Еўропа, настаў час, каб абудзіцца? Знакі Надзеі” – увасабляе важны выклік, каб задумацца пра шляхі, якія можна распачаць “для вяртання Старому Кантыненту таго, што здаецца даўно страчаным”.

“Іх многа, часам схаваных, нават калі мы часта схільныя гэтага не ўсведамляць. Мы бачым іх, пачынаючы з клопату многіх нашых братоў пра тых, хто пакутуе і ці знаходзіцца ў патрэбе, асабліва пра хворых, зняволеных, бедных, мігрантаў і бежанцаў; а таксама ў намаганнях у галіне культуры, асабліва выхавання самых маленькіх, якія з’яўляюцца будучыняй Еўропы”, - напісаў Святы Айцец.

Між тым, галоўным шляхам павінен быць шлях любові, бо яна, па словах Францішка, “адкрывае і дазваляе дыхаць, у супрацьлегласць папулізмам”.

“Папулізмы, якія, як бачым, шырока распаўсюджваюцца ў гэты час, жывяцца пастаянным пошукам канфрантацый, якія не адкрываюць сэрца, а наадварот, занявольваюць яго ў сценах удушлівага болю. Любоў жа адкрывае і дазваляе дыхаць. Яна не настройвае людзей адзін супраць другога, але бачыць у патрэбах “самых апошніх” патрэбы кожнага з нас, бо ўсе мы крыху абяздоленыя, усе крыху ўразлівыя, усе маем патрэбу ў клопаце”, - заўважыў Папа.

Францішак заклікаў біскупаў Еўропы быць сведкамі веры, якая перадаецца не ў форме празелетызму, але дзякуючы сваёй прыцягальнасці, а таксама быць адкрытымі на навізну Духа Святога.

Папа назваў іспанскі горад Санцьяга-дэ-Кампастэла, у якім праходзіць Пленарнае пасяджэнне, “глыбока сімвалічным месцам для адшукання вялікага багацця Еўропы, з’яднанай у сваёй рэлігійнай і культурнай традыцыі”, і ўзгадаў трох святых заступніц Еўропы – св. Брыгіту, св. Кацярыну Сіенскую і св. Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа, якія, па словах Пантыфіка, “паказваюць нам любоў, якая перажываецца ў сям’і – аснове любога грамадства – як служэнне бліжняму ў праўдзе і ахвяры”.

Толькі схіліўшыся над ранамі згубленых, безабаронных і адчужаных, як зрабілі гэтыя святыя, Касцёл зможа абнавіць свае намаганні ў справе будаўніцтва Еўропы, выказаў перакананне Святы Айцец.

Напрыканцы паслання Францішак заклікаў членаў біскупскіх канферэнцый Еўропы працаваць на карысць новага гуманізму, здольнага весці дыялог, інтэграваць і цаніць тое, што з’яўляецца найбольш каштоўным у традыцыі еўрапейскана кантынента. Каб зрабіць з Еўропы “сям’ю народаў”, зямлю спакою і надзеі, Папа параіў, найперш, абараняць жыццё і чалавечую годнасць, пашыраць інтарэсы сям’і і ўкараняць павагу да фундаментальных правоў чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 кастрычніка 2019, 14:51