Пошук

1570004566104.jpg

Папа: сустрэча з Хрыстом змяняе сэрца і робіць адкрытым на іншых

Сустрэча з Хрыстом змяняе сэрца і робіць адкрытым на іншых, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 кастрычніка 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Францішак засяродзіў увагу на навяртанні Саўла. Спачатку будучы апостал, апісваецца, як чалавек, што ўхваляе смерць Стэфана і прагне “знішчыць Касцёл”, але потым становіцца прыладай, выбранай Богам для абвяшчэння Евангелля народам.

Са згоды першасвятара Саўл паляваў на хрысціян і кідаў іх у вязніцу, думаючы што такім чынам ён служыць Божаму закону. Саўл жыў “пагрозамі і забойствамі вучняў Пана”: у ім быў подых смерці, а не жыцця, заўважыў Папа.

“[Малады Саўл прадстаўляецца як прынцыповы чалавек, які не праяўляе цярплівасці да тых, хто думае не так яе ён, які абсалютызуе сваю палітычную ці рэлігійную тоеснасць і лічыць іншага патэнцыйным ворагам, з якім трэба змагацца. Для Саўла рэлігія стала ідэалогіяй: ідэалогіяй рэлігійнай, ідэалогіяй грамадскай, ідэалогіяй палітычнай]”

, - сцвердзіў Святы Айцец.

“Толькі пасля таго, як быў пераменены Хрыстом, ён стане вучыць, што сапраўдная барацьба павінна весціся “не супраць крыві і цела, але супраць (...) гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці” (Эф 6,12). Ён будзе вучыць таму, што трэба змагацца не з людзьмі, а са злом, якое пабуджае іх дзеянні”, - дадаў Францішак.

Паводле Папы, “раз’юшаны і канфліктны стан Саўла”, гэта заклік да кожнага з нас, каб спытаць у сябе: як я жыву верай? “Іду насустрач іншым ці супраць іх? Належу да Паўсюднага Касцёла – з усімі людзьмі, добрымі і злымі, – ці да селектыўнай ідэалогіі. Пакланяюся Богу ці дагматычным фармуліроўкам? Вера ў Бога, якую вызнаю, робіць мяне сяброўскім ці варожым у адносінах да тых, хто не такі як я?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Саўл быў цалкам гатовы выкараніць хрысціянскую супольнасць, але Пан ішоў за ім, каб дакрануцца да яго сэрца і змяніць яго. Менавіта так дзейнічае Бог.

“Уваскрослы ўзяў ініцыятыву і аб’явіўся Саўлу на дарозе ў Дамаск. Пра гэта ў кнізе Дзеяў Апосталаў распавядаецца аж тройчы. Праз біном “святло” і “голас”, уласцівы тэафаніі, Уваскрослы аб’яўляецца Саўлу і пытаецца аб прычынах яго братазабойчага гневу: “Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне?””, - падкрэсліў Пантыфік.

“[Тут Уваскрослы паказвае, што Ён – тоесны з тымі, хто верыць у Яго: пераследаваць члена Касцёла значыць пераследаваць самога Хрыста!]”

, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што Саўл пачуў голас Езуса, які казаў: “Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць” (Дз 9,6). Калі падняўся з зямлі, ён больш нічога не бачыў, а з моцнага, уплывовага і незалежнага мужчыны, ператварыўся ў слабога, патрабуючага і залежнага ад іншых. Святло Хрыста асляпіла яго і зрабіла невідушчым: “Так стала бачна і звонку тое, што было ў яго ўнутры, ягоная слепата ў адносінах да праўды, у адносінах да святла, якім ёсць Хрыстус”, - працытаваў Францішак словы Бэнэдыкта XVI.

“З гэтай сустрэчы тварам у твар паміж Саўлам і Уваскрослым пачынаецца перамяненне, якое дэманструе “асабістую пасху” Саўла, яго пераход ад смерці да жыцця: тое, што раней было хвалой, стала “смеццем”, якое трэба выкінуць, каб здабыць сапраўдны скарб, якім ёсць Хрыстус і жыццё ў Ім. Хрост, такім чынам, становіцца для Саўла, як для кожнага з нас, пачаткам новага жыцця. Ён суправаджаецца новым позіркам на Бога, сябе і іншых, якія з ворагаў ператвараюцца ў братоў у Хрысце”, - сказаў Папа.

Напрыканцы катэхезы Францішак заклікаў маліцца, каб Пан дазволіў і нам, як Саўлу, сустрэцца з сілай Яго любові, адзінай, здольнай зрабіць з каменнага сэрца, сэрца з плоці, якое прыме ў сябе думкі Езуса Хрыста.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
09 кастрычніка 2019, 11:36