Пошук

1572427305501.JPG

Папа: вера патрабуе чуткасці да Бога і гасціннасці да братоў

Прасіць Святога Духа аб дары адкрытага сэрца – чуткага да Бога і гасціннага да братоў, заклікаў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла 30 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане.

Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, засяродзіўшы ўвагу на евангелізацыйнай місіі св. Паўла ў Македоніі. Ён нагадаў, што апостал меў візію, падчас якой нейкі македонец папрасіў яго накіравацца ў гэту рымскую калонію. Павел без ваганняў адправіўся туды, будучы упэўненым, што сам Бог кліча яго.

У македонскім горадзе Філіпы апостал затрымаўся на некалькі дзён, падчас якіх адбыліся тры важныя здарэнні: евангелізацыя і хрост Лідзіі і яе сям’і; арышт, які ён спазнаў разам з Сілай, пасля таго як выгнаў злога духа з служанкі, эксплуатаванай яе гаспадарамі; навяртанне і хрост іх вартаўніка і яго сям’і, нагадаў Святы Айцец.

“Моц Евангелля ў першую чаргу скіроўваецца да жанчын Філіпаў, асабліва да Лідзіі, гандляркі пурпурам з горада Тыятыра, якая пакланялася Богу і якой Пан адкрыў сэрца, “каб яна прыняла словы Паўла” (Дз 16,14). Лідзія прыняла Хрыста, ахрысціўшыся разам са сваёй сям’ёй, а таксама прыняла тых, якія былі Хрыстовымі, прытуліўшы Паўла і Сілу ў сваім доме”, - падкрэсліў Папа.

“[Тут мы бачым сведчанне прыйсця хрысціянства ў Еўропу: пачатак працэсу інкультурацыі, які працягваецца яшчэ сёння. Яно ўвайшло праз Македонію]”

, - дадаў ён.

Пасля ўтульнасці, спазнанай у доме Лідзіі, Павел і Сіла павінны былі адчуць на сябе цяжар вязніцы, куды былі кінуты за тое, што ў імя Езуса вызвалілі адну служанку, “якая мела духа прадбачання” і “здабывала сваім гаспадарам вялікія сродкі” (Дз 16,16). Яе гаспадары, каб адпомсціць, прывялі апосталаў да гарадскіх кіраўнікоў, кажучы, што яны парушаюць грамадскі парадак.

“Павел апынуўся ў вязніцы, але падчас зняволення адбылося надзвычайнае здарэнне. Замест таго, каб наракаць Павел і Сіла пачалі спяваць гімны Богу і гэта праслаўленне абудзіла сілу, якая вызваліла іх: падчас малітвы землятрус скалыхнуў падмуркі вязніцы, адчыніліся дзверы і апалі ўсе путы (пар. Дз 16,25-26). Як падчас малітвы ў Пяцідзесятніцу таксама і малітва ў вязніцы дала цудоўныя плёны”, - нагадаў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Вартаўнік, думаючы, што вязні ўцяклі, хацеў забіць сабе, бо турэмныя назіральнікі адказвалі жыццём за ўцёкі зняволеных, але Павел спыніў яго і заклікаў паверыць у Езуса Хрыста, каб здабыць збаўленне для сябе і дому свайго.

“У гэты момант адбылася перамена: пасярод ночы вартаўнік слухаў слова Пана разам са сваёй сям’ёй, прыняў апосталаў, абмыў іх раны – таму што іх білі, – і разам са сваімі прыняў хрост; потым “з усім домам сваім цешыўся, што паверыў у Бога”, накрыў стол і запрасіў Паўла і Сілу застацца з імі: наступіў момант суцяшэння. Пасярод ночы гэтага безыменнага турэмнага вартаўніка, святло Хрыста заззяла і перамагло цемру: путы апалі з сэрца, а ў ім і яго блізкіх нарадзілася радасць, якой яны ніколі не мелі”, - сказаў Папа.

“[Так Святы Дух дзейнічае падчас місій: ад самага пачатку, пачынаючы з Пяцідзесятніцы і надалей, Ён з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай місій. Ён вядзе нас наперад, хоча, каб мы былі вернымі пакліканню, да якога нас падштурхоўвае Дух, каб неслі Евангелле]”

, - дадаў ён.

Напрыканцы катэхезы Папа заклікаў вернікаў маліцца, просячы ў Святога Духа аб дары адкрытага сэрца, чуткага да Бога і гасціннага да братоў, якое мела Лідзія; аб гарачай веры, якую мелі Павел і Сіла; а таксама аб сардэчнай адкрытасці, якую меў турэмны вартаўнік з біблійнага апавядання, які дазволіў Святому Духу дакрануцца да сябе.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 кастрычніка 2019, 10:53