Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: пераглядзець крытэрыі жыцця, каб выратаваць планету

Экалагічны крызіс – вынік хворага ўспрымання сябе, іншых і свету. Гэта адзначыў Папа ў рэфлексіі, урыўкі якой апублікавала італьянскае выданне “Corriere della sera”.

Сваімі думкамі ён падзяліўся ў новай кнізе пад назвай “Наша маці Зямля. Хрысціянскі погляд на экалагічны выклік” (Nostra Madre Terra. Una lettura cristiana della sfida dell'ambiente), якая рыхтуецца да друку ў Ватыканскім выдавецтве. Гэта зборнік прамоў Францішка, прысвечаных праблемам навакольнага асяроддзя.

Пантыфік перакананы, што на экалагічныя праблемы трэба глядзець у больш шырокім, глабальным ключы, а не толькі як на выклікі, звязаныя з захаваннем прыроды. Кліматычныя змены павінны стаць нагодай для “духоўнага пакаяння”, для пастаноўкі “глыбокіх пытанняў аб таямніцы існавання стварэння” і аб тым, “дзеля чаго варта жыць”.

Экалагічная сітуацыя на Зямлі нагадвае, што “усё ў свеце ўзаемазвязана” і наступствы для асяроддзя мае, у тым ліку, недахоп любові. Каб захаваць планету, трэба “змяніць лад жыцця, крытэрыі і каштоўнасці, на якіх грунтуюцца нашы рашэнні”, “перагледзець культурныя і эканамічныя мадэлі”, умацоўваць справядлівасць і салідарнасць, адкрыць нанова каштоўнасць чалавека, “дазволіць адрынутым на ўзбочыну жыцця цешыцца прыгажосцю нашага свету”, - лічыць Папа.

Святы Айцец заклікаў адмовіцца ад папулярнай сёння “меркантыльнай ідэалогіі”, якая грунтуецца на празе валодання, улады, поспеху, на жаданні быць навідавоку. Гэта “дамінуючая культура” толькі ўмацоўвае індывідуалізм, самалюбаванне, прагнасць, нездаровыя амбіцыі і пагарду да бліжняга.

Трэба супрацьпаставіць такому мысленню ўсведамленне таго, што “мы ўсе з’яўляемся па-сапраўднаму адной сям’ёй, чалавечай сям’ёй”, падмацаванае глыбокім пакаяннем, перапрашэннем за тое, што дазволілі скарыцца перад логікай, якая сее “падзелы, голад, ізаляцыю і асуджэнне”. “Будзе цудоўна, калі мы папросім прабачэння ў бедных, адрынутых. Тады мы зможам шчыра пакаяцца і ў тым зле, якое прычынілі зямлі, мору, паветру, жывёлам”, - сцвердзіў Францішак.

Папа заклікаў не лічыць яго думкі “ідэалістычнымі або не вельмі канкрэтнымі” у параўнанні з намаганнямі, якія прыкладаюцца ў тэхналагічнай сферы дзеля захавання планеты. Гэтыя высілкі з’яўляюцца неабходнымі, але недастатковымі, заўважыў ён. “Як падчас цяжкай хваробы, не дастаткова выключна лекаў, трэба назіраць за хворым і зразумець прычыны, якія прывялі да ўзнікнення немачы, так і крызіс нашага часу неабходна вырашаць, пачынаючы з яго каранёў”, - напісаў Пантыфік.

Кніга “Наша маці Зямля. Хрысціянскі погляд на экалагічны выклік” з’явіцца на паліцах кнігарняў Італіі і Францыі 24 кастрычніка 2019 г. Прадмову да яе напісаў Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 кастрычніка 2019, 11:47