1570005143079.jpg

Папа: несці Евангелле, прыцягваючы людзей не да сябе, а да Бога

Кожны чалавек, які паў духам ці быў адрынуты, можа знайсці ў Езусе надзею на сваё адраджэнне, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла 2 кастрычніка 2019 г. на плошчы св. Пятра.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, Францішак засяродзіў увагу на гісторыі аб хросце слугі эфіопскай каралевы, якое ўчыніў дыякан Філіп на дарозе з Ерузалема ў Газу (Дз 8, 5-8).

Пантыфік заўважыў, што пасля мучаніцтва Стэфана, здавалася, што “бег” Божага слова спыніўся, сутыкнуўшыся з “вялікім пераследам Касцёла ў Ерузалеме”.

“[У кнізе Дзеяў пераслед прадстаўляецца як перманентны стан жыцця апосталаў, згодна са словамі, якія сказаў Езус: “Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць”. Але пераслед, замест таго, каб пагасіць полымя евангелізацыі, распаліў яго яшчэ больш]”

, - дадаў Папа.

Францішак прыгадаў, што Філіп абвяшчаў Божае слова ў гарадах Самарыі, чаму спадарожнічалі “шматлікія знакі вызвалення і аздараўлення”. У пэўны момант “Святы Дух вызначыў новы этап падарожжа Евангелля”: падштурхнуў Філіпа выйсці на пустынную і небяспечную дарогу, дзе той сустрэў чужынца, вяльможу каралевы Эфіопіі, з сэрцам, адкрытым на Бога, і пакорай, неабходнай, каб папрасіць дапамогі для разумення сэнсу Божага слова.

“Гэты дыялог паміж Філіпам і эфіопам прымушае задумацца і пра тое, што недастаткова проста чытаць Святое Пісанне, трэба разумець яго сэнс, знаходзіць “сок”, сягаючы далей за “лупіну”, чэрпаючы Духа, Які натхняе тэкст. Як казаў папа Бэнэдыкт XVI на пачатку Сінода аб Божым слове, “экзэгетыка, сапраўднае чытанне Святога Пісання, гэта не толькі літаратурны феномен (...). Гэта рух майго існавання”. Уваходзіць у Божае слова – гэта быць гатовым выйсці за ўласныя межы і раўняцца на Хрыста, Які ёсць жывым Словам Айца”, - сцвердзіў Папа.

У размове з эфіопскім вяльможам Філіп патлумачыў значэнне біблійных слоў пра “Божага слугу”, якія адносіліся да Езуса. Ён распавёў, што Хрыстус стаў слугой, які пакутаваў, але не адказваў злом на зло і, нягледзячы на тое, што ўсе лічылі Яго пераможаным, вызваліў народ ад няшчасця і прынёс плён перад Богам. Калі эфіоп пачуў гэтае тлумачэнне, ён папрасіў Філіпа аб хросце і вызнаў сваю веру ў Пана.

“[Гэта гісторыя цудоўная, але хто падштурхнуў Філіпа выйсці ў пустыню, каб сустрэць гэтага чалавека? Хто падштурхнуў Філіпа падыйсці да яго павозкі? – Святы Дух. Святы Дух – гэта галоўная дзеючая асоба евангелізацыі]”

, - нагадаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што евангелізацыя не можа быць празелітызмам ці рэкламай; яна здзяйсняецца з дапамогай сведчання, мучаніцтва, слова, радасці.

“Няхай Дух зробіць ахрышчаных людзьмі, якія абвяшчаюць Евангелле, каб прыцягваць іншых не да сябе, а да Хрыста, якія ўмеюць ствараць прастору для дзейнасці Бога і маюць здольнасць рабіць іншых свабоднымі і адказнымі перад Панам”, - пажадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў адкрыцца на дзейнасць Святога Духа, каб несці Яго слова, дапамагаючы самым бедным і тым, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 кастрычніка 2019, 11:22