Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: ворагам місіі з’яўляецца бяздзейнасць

“Надзвычайны місійны месяц павінен стаць імпульсам, які падштурхне нас актыўна рабіць дабро”, - падкрэсліў Францішак падчас Нешпараў, якія прайшлі ў базыліцы св. Пятра.

Малітва адбылася 1 кастрычніка 2019 г. з нагоды распачацця Надзвычайнага місійнага месяца ў Каталіцкім Касцёле. Папа заклікаў вернікаў станавіцца місіянерамі, у першую чаргу праз жыццёвае сведчанне. Менавіта так рабілі мучанікі, якія ведалі, што вера перадаецца не дзякуючы “прапагандзе ці празелітызму”, але праз паважлівае дарэнне свайго жыцця іншым.

Святы Айцец спаслаўся на евангельскую прыпавесць пра неразумнага слугу, які закапаў свае таланты, і падкрэсліў, што ворагам місіі з’яўляецца бяздзейнасць.

Пантыфік назваў грахамі супраць місіі закрытасць і адчуванне сябе ахвярай, роспач і нараканні на свет і Касцёл, страх і “засяроджанасць на ўласных цяжкасцях, а не на братах і сёстрах, якія чакаюць любові”. Паводле яго, Богу падабаецца місійны Касцёл, які выходзіць насустрач людзям, які не губляе час “у скаргах на тое, што ў яго нічога не атрымліваецца, што больш няма вернікаў, няма каштоўнасцей, якія былі раней”, які “не шукае абароненых аазісаў для прабывання ў бестурботнасці”, “які ведае, што яго сіла, не ў грамадскай ці інстытуцыйнай значнасці, а ў пакорнай і бескарыслівай любові.

Папа нагадаў пра апекуноў Надзвычайнага місійнага месяца: св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, “якая зрабіла з малітвы паліва для місіянерскай дзейнасці ў свеце”; св. Францішка Ксаверыя, які вучыць адмовіцца ад камфорту дзеля абвяшчэння Евангелля; Слугу Божую Паўліну Жарыко, што стаяла ля вытокаў Папскіх місійных ініцыятыў. Пантыфік падкрэсліў, што ўдзельнічаць у місіі Касцёла пакліканы ўсе.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 кастрычніка 2019, 19:26