Cerca

Vatican News
Папа падчас адкрыцця Сінода па Панамазонскім рэгіёне Папа падчас адкрыцця Сінода па Панамазонскім рэгіёне  (Vatican Media)

Папа на адкрыццё Сінода: несці ў Амазонію полымя Божай любові

Многія браты і сёстры ў Амазоні нясуць цяжкі крыж і чакаюць суцяшэння Евангелля, нагадаў Папа падчас св. Імшы, якую 6 кастрычніка 2019 г. цэлебраваў у Ватыкане з нагоды адкрыцця Сінода Біскупаў.

Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў на тэму: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі” будзе працягвацца да 27 кастрычніка. Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў, Папа заклікаў іерархам станавіцца дарам для іншых, здзяйсняючы бескарыслівае служэнне.

Каб быць вернымі гэтаму пакліканню і місіі, трэба “распальваць Божы дар”, нагадаў Папа словы апостала Паўла. “Дар, які мы атрымалі – гэта полымя, гэта любоў да Бога і братоў, якая спальвае. Полымя, якое не разгараецца само па сабе, памірае, калі не будзе падтрымліваецца, гасне, калі яго пакрые попел. Калі ўсё застанецца як ёсць, калі дэвізам нашых дзён будуць словы: “заўсёды рабілася так”, дар згасне, будучы задушаным попелам страхаў і заклапочанасцю, звязанай з абаронай status quo”, - папярэдзіў Францішак.

Святы Айцец спаслаўся на словы Бэнэдыкта XVI, які казаў, што душпастырства павінна тычыцца не толькі тых, хто ведае Евангелле Хрыста, але таксама быць місіянерскім. Тады яно будзе сведчыць аб сталасці касцёльнай супольнасці. “Езус прыйшоў не для таго, каб прынесці свежы вечаровы ветрык, а полымя на зямлю”, - падкрэсліў Папа.

“Распальваць дар полымем Духа – гэта адваротнае таму, калі пакідаем рэчы ісці сваёй чарадой, не робячы нічога. Быць вернымі навізне Духа – гэта ласка, аб якой павінны прасіць у малітве. Няхай Ён, Які абнаўляе ўсё, адорыць нас мужнай разважнасцю, натхніць наш Сінод абнавіць шляхі Касцёла ў Амазоніі, каб не згасла місійнае полымя”, - маліўся Пантыфік.

Папа нагадаў, што Божае полымя – гэта любоў, якая асвячае, сагравае, дае жыццё, а не паглынае і пажырае. “Калі без любові і павагі паглынаюцца народы і культуры, гэта не Божае полымя, але полымя свету”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак прыгадаў выпадкі, калі “Божы дар не прапаноўваўся, а навязваўся, калі замест евангелізацыі здзяйснялася каланізацыя”. “Няхай Бог захавае нас ад прагнасці новага каланіялізму”, - сказаў ён. Папа зазначыў, што Божае полымя з’яўляецца “цяплом, што прыцягвае і аб’ядноўвае”, умацоўваецца дзяленнем. У сваю чаргу полымя, якое знішчае, жывіцца эгаістычнымі інтарэсамі, прагай прыбытку, прасоўваннем уласных ідэй, знішчэннем разнастайнасці ўсіх і ўсяго.

Святы Айцец заклікаў сведчыць аб Евангеллі з гатоўнасцю пакутаваць за яго, любіць аж да мучаніцтва, прапаведваць, карыстаючыся не сілай свету, а толькі сілай Бога: застаючыся заўсёды ў пакорнай любові, веручы, што адзіны спосаб каб па-сапраўднаму мець жыццё – гэта згубіць яго дзеля любові.

На заканчэнне гаміліі Папа падкрэсліў, што “шматлікія браты і сёстры ў Амазоніі нясуць цяжкі крыж і чакаюць суцяшэння Евангелля, якое вызваляе, чакаюць ласкавай любові Касцёла”. “Дзеля іх, з імі, будзем крочыць разам”, - заклікаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

06 кастрычніка 2019, 10:40