Пошук

1571818947244.jpg

Папа: Касцёл пакліканы быць адкрытым на ўсе народы і культуры

Касцёл павінен быць адкрытым на ўсіх, хто шукае Бога, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны кнізе Дзеяў Апосталаў.

23 кастрычніка 2019 г. Святы Айцец засяродзіў увагу на так званым Ерузалемскім Саборы, які акрэсліў умовы для язычнікаў, што хацелі стаць хрысціянамі. Пантыфік нагадаў таксама пра ганенні, з якімі вымушаны быў сустрэцца апостал Павел, і якія павінны былі спыніць “падарожжа Божага слова” па свеце.

“Гэта падарожжа пачалося як вынік моцнага пераследу, які, замест таго, каб прывесці да спынення евангелізацыі, стаў магчымасцю для пашырэння поля, на якім можна было сеяць добрае зерне Слова. Хрысціяне не спалохаліся. Яны павінны былі ўцякаць, але ўцякалі з Словам, сеючы яго паўсюль”, - заўважыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Павел і Барнаба спачатку адправіліся ў сірыйскую Антыёхію, дзе заставаліся на працягу цэлага года, навучаючы вялікую колькасць людзей, і менавіта тут вернікі ўпершыню сталі называцца “хрысціянамі”.

“З кнігі Дзеяў Апосталаў становіцца бачнай прырода Касцёла, які з’яўляецца не бастыёнам, але намётам, здольным пашырацца, каб у яго маглі ўвайсці ўсе, адчыненым для ўсіх. Касцёл або “вырушае ў дарогу”, або не ёсць Касцёлам, або знаходзіцца ў руху, пашыраючыся, каб у яго ўваходзілі, або не з’яўляецца Касцёлам. (...) Храмы павінны заўсёды мець адчыненыя дзверы, бо гэта сімвал таго, чым з’яўляецца Касцёл: адчынены заўсёды. Касцёл “пакліканы быць заўсёды адчыненым домам Айца, (...) каб той, хто хоча пайсці за натхненнем Духа і набліжаецца ў пошуках Бога, не сустрэўся з холадам зачыненых дзвярэй”, - сказаў Папа, спасылаючыся на Апостальскую адгартацыю “Evangelii gaudium”.

Францішак нагадаў, што адкрытасць Паўла і Барнабы на прыняцце ў хрысціянскую супольнасць язычнікаў сустрэла супраціў. У прыватнасці некаторыя юдэі сцвярджалі, што для збаўлення неабходна таксама абразанне. Для вырашэння гэтай праблемы склікалі сход апосталаў і старэйшых у Ерузалеме. Гэта падзея стала першым Саборам у гісторыі Касцёла і атрымала назву Ерузалемскага.

У ходзе спрэчак вырашалася вельмі далікатнае тэалагічнае, духоўнае і дысцыплінарнае пытанне, якое тычылася “адносін паміж верай у Хрыста і захаваннем Закона Майсея”. Вызначальнымі ў гэтым кантэксце сталі прамовы Пятра і Якуба, “стаўпоў Маці-Касцёла”, якія заклікалі не навязваць абразання язычнікам, але патрабаваць ад іх толькі адрачэння ад ідалапаклонства і ўсіх яго выразаў, - нагадаў Папа.

“Ерузалемскі сход пралівае важнае святло на тое, як пераадольваць рознагалоссі і шукаць “праўду ў любові”. Ён нагадвае нам, што касцёльны метад для вырашэння канфліктаў грунтуецца на дыялогу, складаецца з уважлівага і цярплівага слухання і распазнання, здзейсненага ў святле Духа. Менавіта Дух дапамагае перамагчы закрытасць, напружанасць і дзейнічае ў сэрцах, каб дасягнулі, у праўдзе і дабры, адзінства. Гэты тэкст дапамагае нам зразумець сінадальнасць...”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў маліцца, каб Бог умацаваў ва ўсіх хрысціянах, асабліва ў біскупах і прэзбітэрах, прагненне адзінства і адказнасці. “Няхай Ён дапаможа нам жыць у дыялогу, слуханні, сустрэчы з братамі ў веры і з далёкімі, каб адчуваць і дэманстраваць плённасць Касцёла, пакліканага быць ва ўсе часы “радаснай маці” шматлікіх дзяцей”, - сказаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 кастрычніка 2019, 10:40