Пошук

Vatican News

Папа да новых біскупаў: быць блізкімі з Богам, святарамі і народам

Францішак удзяліў біскупскае пасвячэнне чатыром новым іерархам Касцёла. Урачыстая св. Імша прайшла вечарам 4 кастрычніка 2019 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

Сакру атрымалі тры супрацоўнікі Дзяржсакратарыяту: мансеньёр Антуан Камільеры, мансеньёр Паола Рудэлі і мансеньёр Паола Борджа, а таксама, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, езуіт, кс. Майкл Чэрны, якому 5 кастрычніка будзе нададзена таксама кардынальскай годнасць.

Папа прамовіў гамілію, прадугледжаную абрадам пасвячэння, дапоўніўшы яе ўласнымі разважаннямі. Ён нагадаў пра касцёльныя абавязкі, звязаныя з біскупскім служэннем, падкрэсліўшы, што біскупы прымаюць сакру не для сябе, а для Божых спраў, для служэння, а не панавання, для абвяшчэння Божага слова.

“Прамаўляйце сапраўднае слова, а не нудныя прамовы, якіх ніхто не разумее”, - горача заахвоціў Святы Айцец, прыгадваючы словы апостала Пятра, які казаў, што самым галоўным заданнем біскупа з’яўляецца малітва і пропаведзь Божага слова.

Францішак заўважыў, што біскупы – гэта “абаронцы і распарадчыкі Хрыстовых таямніц”. У сувязі з гэтым ён прыгадаў пра тры вымярэнні блізкасці, якімі яны пакліканы жыць.

“Гэта блізкасць з Богам у малітве, як перш абавязак, блізкасць з прэзбітэрамі ў святарскай калегіі і блізкасць з народам. Не забывайцеся, што вы былі выбраны з аўчарні, не забывайцеся пра свае карані, пра тых, хто перадаў вам веру, хто даў вам тоеснасць. Не выракайцеся Божага люду”, - заклікаў у гаміліі Святы Айцец.

 

05 кастрычніка 2019, 09:33