Cerca

Vatican News

Пантыфік: наш час патрабуе новых сродкаў евангелізацыі

Бачыць свет вачыма Бога, жыць у братэрстве, з адвагай і праніклівасцю крочыць наперад, заклікаў Папа ўдзельніц 37-га генеральнага капітула манаскай кангрэгацыі Езуса-Марыі.

Францішак прыняў манахінь на аўдыенцыі, якая прайшла 5 кастрычніка 2019 г. у Ватыкане. У прамове ён спаслаўся на сведчанне заснавальніцы манаскай кангрэгацыі, св. Кладзін Тэвенье, якая пасля смерці родных братоў у віры Французскай рэвалюцыі, здолела стаць сведкай міласэрнай дабрыні Бога.

“Мы павінны глядзець на свет з сімпатыяй, без страху, без прадузятасці і з адвагай, як глядзіць на яго Бог, адчуваючы нашы пакуты, радасці і спадзяванні нашых братоў; і адштурхоўваючыся ад гэтага мы павінны прапаведваць жыццём і словам, дапамагаць пазнаць і палюбіць Езуса і Марыю”, - заклікаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на фундаментальнае значэнне “братэрскага і салідарнага жыцця” для абвяшчэння Божага слова. Ён заклікаў культываваць “больш евангельскія адносіны”, каб супольнасць была больш апостальскай, каб манахіні станавіліся “місійнымі сёстрамі”, здольнымі “заражаць іншых маладых людзей, каб і яны наследавалі такую ж форму кансэкрацыі”. “Братэрскае жыццё ў супольнасці – гэта прароцтва для свету”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў духоўных дачок св. Кладзін Тэвенье распазнаваць знакі часу і мець мужнасць выходзіць за рамкі прывычнага.

“Трэба выходзіць за дзверы, як рабіла ваша заснавальніца, але не для таго, каб ушанаваць яе памяць, а нанова знайсці харызмат у новым кантэксце. Ёсць патрэба ў праніклівасці, каб быць здольнымі ісці далей і пытацца ў сябе пра тое, наколькі наша апостальства і справы, наша прысутнасць і служэнне, адпавядае таму, аб чым Святы Дух прасіў св. Кладзіну і кангрэгацыю на працягу гэтых 200 гадоў гісторыі. Заклікаю вас разважаць, узважваць і прымаць рашэнні, каб лепш і лепш адказваць на тое, чаго Бог хоча ад вас сёння”, - заахвоціў Святы Айцец.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа падкрэсліў, што наш час патрабуе адкрыцця новых сродкаў евангелізацыі і місіянерства, але рабіць гэта трэба ў еднасці, бо індывідуалістычныя намаганні не маюць будучыні.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 кастрычніка 2019, 14:28