Пошук

Vatican News
Удзельнікі падпісання "Катакомбнай дамовы" Удзельнікі падпісання "Катакомбнай дамовы" 

На Сінодзе Біскупаў аднавілі дамову на карысць бедных

Удзельнікі Сінода Біскупаў аднавілі так званую “Катакомбную дамову” – дакумент, падпісаны ў 1965 г., падчас правядзення ІІ Ватыканскага Сабору.

Сімвалічны жэст быў здзейснены раніцай 20 кастрычніка 2019 г. у тым жа месцы, дзе адбылося падпісанне 54 гады таму – у рымскіх катакомбах Даміцылы. У тэксце гучыць абавязацельства ставіць бедных у цэнтр душпастырскага служэння.

У цырымоніі прынялі ўдзел каля 150 удзельнікаў Сінода па Амазоніі – біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, пераважна з Бразіліі, Эквадору і Калумбіі. Дакумент яны назвалі: “Катакомбная дамова на карысць супольнага дому. На карысць Касцёла з амазонскім абліччам, які застаецца бедным і служыць, прарочага і самарыцянскага”. Гэта адбылося пасля св. Імшы, якую ў падзямеллі базылікі святых мучанікаў Нэрэя і Ахілея цэлебраваў кардынал Клаўдыё Хумэс, Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне.

Падпісанты абавязаліся садзейнічаць абароне лясоў Амазоніі; жыць у духу інтэгральнай экалогіі; служыць бедным і дапамагаць карэнным народам захаваць сваю зямлю, культуру, мову, гісторыю, тоеснасць і духоўнасць; спрыяць пераадоленню ў сваіх дыяцэзіях і супольнасцях праяў каланіяльнага мыслення, розных форм насілля і агрэсіі ў адносінах да карэннага насельніцтва Панамазоніі; працаваць на карысць евангелізацыі і развіцця экуменічных стасункаў у рэгіёне.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 кастрычніка 2019, 10:41