1569747134692.JPG

Францішак: мігранты і бежанцы – ахвяры культуры адчужэння

Хрысціяне не могуць заставацца раўнадушнымі перад абліччам беднасці, падкрэсліў Пантыфік падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 29 верасня 2019 г. з нагоды 105-га Сусветнага дня мігранта і бежанца.

У гаміліі Папа спаслаўся на біблійныя словы, якімі Бог заклікаў выбраны народ атуляць асаблівым клопатам чужынцаў, удоў і сірот – людзей, пазбаўленых правоў, выкінутых на ўзбочыну грамадскага жыцця, маргіналізаваных. Пан кажа пра гэта, як пра “маральны абавязак усіх тых, хто жадае быць часткай Яго народу”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што чужынцы, удовы і бедныя – гэта асобы, якія сталі ахвярамі “культуры адчужэння”. “Пан просіць нас адносіцца да іх з міласэрнай любоўю; просіць нас вярнуць ім іх чалавечнасць, разам з нашай, не выключаючы нікога, не пакідаючы па-за ўвагай нікога”, - сцвердзіў ён.

У той жа час, паводле Папы, неабходнай з’яўляецца сур’ёзная рэфлексія адносна прычын маргіналізацыі і адчужэння ў сучасным свеце. Ён нагадаў, што “краіны, якія развіваюцца, працягваюць вычэрпваць свае прыродныя і чалавечыя рэсурсы на карысць малой колькасці некаторых прывілеяваных рынкаў”.

Пантыфік таксама заўважыў, што войны ідуць у адных краінах свету, а зброя вырабляецца і прадаецца іншымі, якія потым не жадаюць клапаціцца пра бежанцаў.

“[Людзі, якія пакутуюць ад наступстваў гэтага – заўсёды малыя, бедныя, найбольш уразлівыя, якім забаронена сядаць за стол, якім пакідаюцца толькі “крошкі” са святочнага стала]”

, - з жалем дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў перамагчы глабалізацыю абыякавасці, каб не ператварыцца ў людзей, падобных да евангельскага багацея, які ігнараваў жабрака, які ляжаў ля брамы яго дома, думаючы толькі пра ўласны дабрабыт і забавы. “Таксама і мы, вельмі заклапочаныя захаваннем уласнага дабрабыту, рызыкуем не заўважыць братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі”, - папярэдзіў Францішак.

“Як хрысціяне мы не можам заставацца абыякавымі перад абліччам драмы старых і новых форм беднасці, самай цёмнай адзіноты, пагарды і дыскрымінацыі тых, хто не належыць да “нашай групы”. Мы не можам заставацца неадчувальнымі, з анестэзіраваным сэрцам, перад абліччам галечы шматлікіх нявінных людзей. Мы не можам не плакаць. Мы не можам не рэагаваць”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што немагчыма быць Божымі людзьмі, не выконваючы запаведзі любові да бліжняга. Трэба “сур’ёзна ўключыцца ў будаванне больш справядлівага свету, у якім усе людзі будуць мець доступ да рэсурсаў зямлі, дзе ўсе будуць мець магчымасць рэалізавацца як асобы і сем’і, дзе ўсім будуць гарантаваны фундаментальныя правы і годнасць”, - сказаў ён.

“Любіць бліжняга, значыць мець спагаду да пакут братоў і сясцёр, станавіцца блізкімі, дакранацца да іх ран, падзяляць іх гісторыі, канкрэтным чынам дэманстраваць ласкавасць Бога да іх”, - сцвердзіў Папа. Ён нагадаў, што запаведзь любові была замацавана крывёй Езуса Хрыста.

Сусветны дзень мігранта і бежанца заснаваў у 1914 г. папа Пій X. Раней ён адзначаўся ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Францішак перанёс святкаванні на апошнюю нядзелю верасня.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
29 верасня 2019, 11:07