Пошук

1568451419021.JPG

Папа да Усходніх Касцёлаў: любіць і несці Евангелле ўсім

Бог не спытае ў нас рахунак пра ўклад у развіццё нацыянальнай тоеснасці, але пра тое, наколькі мы былі здольнымі любіць і несці Евангелле збаўлення ўсім людзям, перакананы Папа.

14 верасня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў сустрэчы епіскапаў Усходніх Касцёлаў Еўропы, якая праходзіла ў Рыме па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

У звароце Пантыфік прыгадаў пра важнасць еднасці паміж каталіцкімі супольнасцямі розных абрадаў. Такое адзінства абараняе ад спакусы самаізаляцыі і закрытасці ў нацыянальнай ці этнічнай адасобленасці, падкрэсліў ён.

Папа нагадаў пра прыклад шматлікіх мучанікаў і святых, які падштурхоўвае да “пастаяннага ачышчэння касцёльнай памяці” і прагнення ўсё большага і большага адзінства паміж усімі людзьмі, якія вераць у Хрыста. Гэтае адзінства было таксама гарачым жаданнем Езуса, дадаў ён. Францішак звярнуў увагу на асаблівую місію Усходніх Касцёлаў у экуменічным працэсе.

Рэпартаж з аўдыенцыі для епіскапаў Усходніх Касцёлаў

“Сёння, калі няроўнасці і падзелы пагражаюць міру, мы павінны адчуваць сябе архітэктарамі дыялогу, ініцыятарамі прымірэння, цярплівымі будаўнікамі цывілізацыі сустрэчы, якая абароніць нашу эпоху ад недацывілізацыі сутыкнення. У той час, калі многія дазваляюць уцягнуць сябе ў спіраль насілля, у заганнае кола помсты і пастаянных узаемных абвінавачванняў, Пан прагне, каб мы былі ціхімі сейбітамі любові Евангелля. У хрысціянскай сям’і вы з’яўляецеся тымі, хто, гледзячы на “Бога ўсякага суцяшэння” (2 Кар 1,3), лечыць раны мінулага, пераўзыходзіць прадузятасць і падзелы, нясе надзею ўсім, крочачы плячо ў плячо з братамі і сёстрамі некатолікамі”, - сказаў ён.

Францішак адзначыў важнасць супольных ініцыятыў з праваслаўнымі супольнасцямі, асабліва на карысць бедных людзей і навакольнага асяроддзя. Ён нагадаў, што Усходнія Касцёлы чэрпаюць з тых жа крыніц духоўнасці, літургіі і тэалогіі, што і Праваслаўныя Цэрквы.

“Таму падрыхтуемся разам жыць на адным Небе, да якога пакліканы. Там Пан не спытае ў нас рахунак з таго, якія і колькі тэрыторый засталося пад нашай юрысдыкцыяй, і нават з таго, які ўклад мы зрабілі ў развіццё нашай нацыянальнай тоеснасці. Ён спытае ў нас з таго, наколькі мы былі здольнымі любіць бліжняга, кожнага бліжняга, і абвяшчаць Евангелле збаўлення тым, каго сустрэлі на жыццёвым шляху. Папросім аб ласцы прагнення гэтага, бо толькі калі любім, можам знайсці радасць і распаўсюджваць надзею. Калі любім, на другі план адыходзяць усе справы, да якіх мы ўсё яшчэ прывязаны, а на першае месца паступова выходзяць тыя, адзіныя, што застануцца назаўсёды: Бог і бліжні. З адвагай крочце наперад у духу адзінства. Запэўніваю вас у маім пастаянным успаміне. Вы знаходзіцеся ў маім сэрцы...”, - сказаў Папа на заканчэнне прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 верасня 2019, 11:05