Пошук

1567672625955.jpg

Папа да палітыкаў Мазамбіка: кажыце “так” згодзе і прымірэнню

Пошук трывалага міру патрабуе гатоўнасці з рашучасцю, але без фанатызму казаць “не” – жорсткасці, якая разбурае, “так” – згодзе і прымірэнню, - сказаў Францішак прадстаўнікам урадавых колаў Мазамбіка.

Афіцыйная праграма візіту Папы ў гэтую краіну распачалася раніцай 5 верасня 2019 г. з наведвання Прэзідэнцкага палаца ў Мапуту і прыватнай размовы з кіраўніком краіны Філіпэ Ньюсі. Дыялог за зачыненымі дзвярыма доўжыўся каля паўгадзіны.

Пасля гэтага Святога Айца чакала сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, дыпламатычнага корпуса і грамадзянскай супольнасці Мазамбіка. У адказ на словы прывітання, агучаныя Прэзідэнтам, Францішак звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой, найперш, выказаў сваю блізкасць з пацярпеўшымі ад нядаўніх трапічных цыклонаў “Ідай” і “Кенэт”, якія абрушыліся на Мазамбік, пасля чаго ад свайго імя і ад імя міжнароднай супольнасці ўхваліў намаганні, якія робяцца палітычнымі лідарамі і мясцовымі жыхарамі на карысць таго, каб у краіне “мір ізноў стаў нормай жыцця”.

Падпісанне месяц таму пагаднення паміж урадам краіны і паўстанцкай групоўкай “Нацыянальнае супраціўленне Мазамбіка” аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў у краіне, у якой дзесяцігоддзямі доўжылася грамадзянская вайна, стала, па словах Папы, сапраўднай “вяхой”.

Ён заклікаў кіруючыя колы краіны да “мужнасці міру – мужнасці высокай якасці”: не той, якая праяўляецца ў “зверскай моцы і жорсткасці”, а мужнасці, “якая ажыццяўляецца ў нястомным пошуку ўсеагульнага дабра”.

“На працягу ўсіх гэтых гадоў вы зазналі, што пошук трывалага міру – місія, якая залучае ўсіх, – патрабуе цяжкай працы, пастаянная і бесперапыннай, таму што мір – нібы далікатная кветка, якая намагаецца распусціцца сярод камянёў жорсткасці, і таму патрабуе, каб вы працягвалі сцвярджаць з рашучасцю, але без фанатызму, з мужнасцю, але без экзальтацыі, з цвёрдасцю, але разумна: “не” – жорсткасці, якая разбурае, “так” – згодзе і прымірэнню”, - сказаў Францішак.

Ён нагадаў, што мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, але яшчэ і няспынныя высілкі на карысць прызнання, гарантавання і аднаўлення “часта забытай або праігнараванай” годнасці нашых братоў, з тым, “каб яны маглі адчуваць сябе галоўнымі дзеючымі асобамі лёсу сваёй нацыі”.

“[Без роўнасці магчымасцей, ва ўмовах, калі грамадства – лакальнае, нацыянальнае або сусветнае – пакідае частку сябе на перыферыі]”

- , падкрэсліў Пантыфік, гарантаваць мір немагчыма.

Францішак заахвоціў кіруючыя колы Мазамбіка працягваць працу па кансалідацыі структур і ўстаноў, неабходных для гарантавання таго, “каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым”, асабліва моладзь – “надзея” і “сённяшні дзень” краіны, “патэнцыял для таго, каб сеяць і забяспечваць рост такога жаданага сацыяльнага сяброўства”.

Пантыфік заклікаў пашыраць культуру міру і сустрэчы, для чаго, па яго словах, жыццёва неабходна падтрымліваць жывой памяць – “дарогу, якая адкрывае будучыню”, “сцежку, якая вядзе да пошуку агульных мэтаў, агульных каштоўнасцей, ідэй, якія б перавышалі прыватныя інтарэсы”, каб багацце краіны магло служыць усім, асабліва самым бедным.

“Вы павінны выканаць мужную і гістарычную місію: да таго часу, пакуль застаюцца дзеці і падлеткі без адукацыі, сем’і без дома, працаўнікі без занятку, сяляне без зямлі, не пераставаць прыкладаць намаганні… Гэта аснова будучыні надзеі, бо гэта будучыня чалавечай годнасці. Гэта – зброя міру”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Нарэшце, Францішак дадаў, што культура міру ўключае ў сябе забеспячэнне “прадуктыўнага, устойлівага і інклюзіўнага развіцця”, а таксама клопат пра навакольнае асяроддзе, якое тут, у Мазамбіку, па яго словах, увасабляе сапраўднае благаслаўленне.

“Усе вы з’яўляецеся выканаўцамі найпрыгажэйшай справы, якую толькі можна ажыццявіць: будучыні згоды і прымірэння як гаранту правоў вашых дзяцей у будучым”, - сказаў прысутным Святы Айцец на завяршэнне сваёй прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 верасня 2019, 10:32