Cerca

Vatican News

Папа да пастыраў Мадагаскара: сейбіт заўсёды сее з надзеяй

Абвяшчэнне Евангелля павінна ўключаць у сябе занепакоенасць любымі формамі беднасці і клопат пра вызваленне з іх даручанай супольнасці вернікаў, заўважыў Папа ў размове з біскупамі Мадагаскара.

7 верасня 2019 г., у другой палове дня, Францішак прыбыў у катэдральны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, размешчаны ў квартале Андахала горада Антананарыву, дзе правёў сустрэчу з мясцовымі біскупамі.

Пантыфік нагадаў дэвіз свайго Апостальскага падарожжа на Мадагаскар – “Сейбіт міру і надзеі” – і заўважыў, што гэтыя словы добра адлюстроўваюць місію, даручаную біскупам. Так, сейбіт заўсёды сее з надзеяй і, хоць разлічвае на ўласныя сілы і працу, усведамляе, аднак, што плённасць залежыць ад мноства фактараў. Сейбіт, нават калі стомлены і заклапочаны, не знеахвочваецца, не здаецца. Ён умее з даверам чакаць і не перастае любіць дручанае яму поле. Нават калі ёсць спакуса збегчы, даручыўшы надзел іншаму, ён гэтага не робіць.

Францішак падкрэсліў, што сёння ўжо больш немагчыма сцвярджаць, нібыта рэлігія павінна абмяжоўвацца прыватнай сферай і толькі рыхтаваць душы для неба. Бог прагне шчасця людзей ужо на гэтай зямлі, а значыць хрысціянскае навяртанне патрабуе перагляду сацыяльнага парадку і павінна імкнуцца да забеспячэння ўсегульнага дабра.

“Сталае і незалежнае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай – гэта няспынны выклік, таму што небяспека тайнай змовы ніколі не бывае аддаленай, асабліва калі мы страцім “евангельскую пратраву”. Заўсёды слухаючы тое, што Дух Святы бясконца кажа Касцёлам (пар. Ап 2, 7), мы будзем здольныя пазбегнуць падкопаў і вызваліць закваску Евангелля для паспяховага супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў пошуку ўсеагульнага дабра”

, - запэўніў Папа.

Па яго словах, абарона чалавека і прапаведаванне Добрай Навіны, у першую чаргу, бедным, маргіналізаваным, адчужаным, дзецям, уразлівым асобам, ахвярам насілля і злоўжыванняў, выказванне блізкасці да іх – адно з галоўных душпастырскіх заданняў біскупаў.

У гэтай справе пастыр, які сее, не павінен імкнуцца кантраляваць увесь працэс і дабівацца аднастайнасці ў выніках працы, не можа пагарджаць уяўна “кволымі ўсходамі”, але павінен пакідаць прастору для ініцыятывы, даваць кожнаму зерню свой час на рост. “Гэты давер да Евангелля робіць нас пастырамі, блізкімі да Божага народу, пачынаючы са святароў – нашых самых блізкіх братоў, якія павінны атрымліваць з нашага боку асаблівы клопат”, - адзначыў Папа.

Таксама на біскупаў ускладаецца абавязак духоўнага суправаджэння і разважлівасці ў адносінах да тых, хто адчувае ў сабе пакліканне да кансэкраванага або святарскага жыцця, “каб гарантаваць аўтэнтычнасць пакліканняў”. “Фундаментальнае пакліканне, без якога астатнія не маюць прычыны для існавання, – гэта пакліканне да святасці”, - сцвердзіў Францішак і падзякаваў біскупам Мадагаскара за намаганні “па падрыхтоўцы аўтэнтычных і святых працаўнікоў для шчодрага жніва на полі Пана”.

“Хацеў бы таксама выказаць вам падзяку за ўсе ініцыятывы, якія вы, як душпастыры, прадпрымаеце для падрыхтоўкі свецкіх вернікаў, каб не пакінуць іх адных у місіі быцця соллю зямлі і святлом свету і каб праз гэта зрабіць свой унёсак у ператварэнне грамадства і Касцёла на Мадагаскары”, - сказаў Францішак.

Уся гэтая адказнасць на Божай ніве патрабуе адкрытых сэрцаў і розуму, перамогі над спакусай ізалявання, братэрскага дыялогу і супрацоўніцтва паміж партыкулярнымі Касцёламі, заўважыў Святы Айцец і запрасіў прысутных біскупаў прасіць Маці Божую аб заступніцтве і дапамозе ў сеянні міру і надзеі на мадагаскарскай зямлі.

Пасля сустрэчы з епіскапатам Францішак ушанаваў памяць благаслаўлёнай Вікторыі Разааманарыва, памаліўшыся ў цішыні каля яе магілы, размешчанай у храме. Затым Папа накіраваўся на малітоўнае чуванне з мадагаскарскай моладдзю.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 верасня 2019, 16:02