Пошук

1569146817780.JPG

Пантыфік на “Анёл Панскі”: ператвараць багацце ў адносіны

Поспеху прысвяціў сваю рэфлексію перад малітвай “Анёл Панскі” Папа, але не часоваму, так моднаму сёння, а іншаму, імя якога – вечнае жыццё. Ён засяродзіўся над прыпавесцю пра несумленнага эканома (Лк 16, 1-13).

Прапануем поўны тэкст разважання Францішка:

“Герой прыпавесці, якая змяшчаецца ў Евангеллі сённяшняй нядзелі, з’яўляецца спрытным і несумленным распарадчыкам, які, абвінавачаны ў марнаванні маёнтка свайго гаспадара, хутка выходзіць на волю. У гэтай няпростай сітуацыі ён не скардзіцца, шукае не апраўданняў і адгаворак, але выйсце, каб забяспечыць спакойную будучыню. Па-першае, ён цвяроза рэагуе, прызнаючы свае абмежаванні: “Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся” (Лк 16, 3); потым дзейнічае падступна, апошні раз рабуючы свайго гаспадара. Ён кліча даўжнікоў і памяншае іх запазычанасць перад гаспадаром, каб зрабіць іх сябрамі, а потым атрымаць ад іх узнагароду. Сябруе праз карупцыю і атрымлівае падзяку праз карупцыю, як гэта прынята сёння.

“[Езус прыводзіць гэты прыклад, безумоўна, для заахвочвання не да несумленнасці, але да спрытнасці.]”

Ён падкрэслівае: “І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў” (Лк 16, 8), гэта значыць тую сумесь інтэлекту і спрыту, якая дазваляе пераадольваць складаныя сітуацыі. Ключом да разумення гэтай гісторыі з’яўляецца заахвочванне Езуса: “Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры” (Лк 16, 9). Здаецца, што такія словы здольныя збянтэжыць, але гэта не так. “Несправядлівая мамона” – гэта грошы – іх яшчэ называюць “д’ябальскім гноем” – і матэрыяльныя даброты наогул.

Багацце можа натхняць да будавання сцен, да падзелаў і дыскрымінацыі. Наадварот, Езус заахвочвае сваіх вучняў змяніць курс: “Здабывайце сяброў сабе праз багацце”. Гэта заахвочванне да ўмення ператвараць матэрыяльныя даброты і багацце ў адносіны, таму што людзі важнейшыя за рэчы і маюць большае значэнне, чым багацце. У жыцці эфектыўны не той, хто валодае шматлікімі багаццямі, але той, хто стварае і падтрымлівае шырокія сувязі, адносіны, мае шмат сяброўскіх сувязей праз розныя “багацці”, розныя дары, якія яму даў Бог. Але Езус таксама паказвае на канчатковую мэту свайго заахвочвання: “Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры”.

“[Калі мы зможам пераўтварыць багацце ў прылады братэрства і салідарнасці, то ў раі будзе вітаць нас не толькі Бог, але і тыя, з кім мы дзяліліся і добра кіравалі тым, што Пан паклаў у нашы рукі.]”

Браты і сёстры! Гэты евангельскі ўрывак прымушае нас паставіць сабе пытанне несумленнага распарадчыка, выкінутага яго гаспадаром: “Што мне рабіць?” (Лк 16, 3). У кантэксце нашых недахопаў і няўдач Езус запэўнівае, што мы заўсёды маем час, каб вылечыць зло дабром. Няхай той, хто выклікаў слёзы, зробіць кагосьці шчаслівым; няхай той, хто растраціў, падасць міласціну. Калі мы зробім гэта, Пан пахваліць нас “таму, што разумна ўчынілі”, гэта значыць з мудрасцю таго, хто прызнае сябе дзіцём Божым і адданы Нябеснаму Валадарству.

Няхай Найсвяцейшая Дзева дапаможа нам быць спрытнымі ў забеспячэнні сабе не столькі часовага поспеху, колькі вечнага жыцця, каб падчас канчатковага суда патрабуючыя, якім мы дапамагалі, маглі засведчыць, што мы бачылі ў іх Пана і служылі Яму”, - сказаў Пантыфік.

“Жадаю ўсім добрай нядзелі. І, калі ласка, не забывайцеся маліцца за мяне. Смачнага абеду і да пабачэння!”, - так развітаўся з вернікамі пасля нядзельнай малітвы Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 верасня 2019, 14:19