Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік: ёсць шмат добрых навін, вартых таго, каб пра іх ведалі

16 верасня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва і супрацоўнікаў Рэгіянальных журналісцкіх аддзяленняў італьянскай тэлерадыёкампаніі RAI.

Святы Айцец звярнуў увагу сваіх гасцей на выклікі, звязаныя з глабалізацыяй. Сама па сабе яна з’яўляецца добрай, бо яднае людзей. Кепска, аднак, калі вядзе на ўніфікацыі, знішчаючы багацці і адметнасці народаў, культур і традыцый, перакананы Папа.

У гэтым кантэксце Пантыфік адзначыў каштоўнасць працы Рэгіянальных журналісцкіх аддзяленняў, бо іх супрацоўнікі распавядаюць пра лакальнае жыццё, мясцовыя праекты, праблемы і спадзяванні, сустракаюцца з людзьмі, сем’ямі, а таксама даюць голас сведчанням веры.

“Я ўпэўнены, што мясцовая інфармацыя не павінна лічыцца менш значнай за нацыянальную. Больш за тое, я б сказаў, што яна з’яўляецца найбольш аўтэнтычнай у свеце масмедыя, бо яе мэта не заключаецца ў здабыцці прыбытку ці пераказе пасланняў, а ў перадачы голасу людзей, ва ўсіх яго аспектах і розных момантах грамадскага, культурнага і духоўнага жыцця. Яна мае таксама важнае заданне раскрыцця патэнцыялу мясцовых супольнасцей і культур, без якіх таксама не было б адзінства народа”, - падкрэсліў Папа.

Францішак пажадаў журналістам, каб навіны, якія яны робяць, садзейнічалі рэфлексіі, каб іх мова была ўзважанай і яснай, а тон – пазбаўлены агрэсіі і пагарды. Пантыфік таксама заўважыў, што існуе вялікае мора добрых навін, якія заслугоўваюць таго, каб пра іх даведаліся людзі.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 верасня 2019, 11:21