Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік узначаліў пасяджэнне Рады кардыналаў

Пад кіраўніцтвам Папы ў Ватыкане 17 верасня 2019 г. пачалося 31-е пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Іерархі прынялі ўдзел у ранішняй св. Імшы ў Доме св. Марты.

На папярэдніх сходах, у тым ліку на мінулым чэрвеньскім, кансультатыўны орган абмяркоўваў заўвагі да тэксту новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі, якія даслалі дыкастэрыі Рымскай курыі, Папскія ўніверсітэты і епіскапаты. Плануецца, што праект новага Дакумента будзе ўручаны Святому Айцу пасля цяперашняй вераснёўскай асамблеі. Яго далейшы лёс вырашыць Францішак. Над рэдакцыяй тэксту працавала Папская рада пра інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў.

У цяперашні склад Рады кардыналаў, створанай 13 красавіка 2013 г., уваходзяць шэсць асоб: Оскар Радрыгес Марадзьяга з Гандураса, Джузэпэ Бэртэла з Італіі, Освальд Грасіас з Індыі, Райнхард Маркс з Германіі, Шон Патрык О’Мэйлі з ЗША, а таксама кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Сакратарамі з’яўляюцца: біскуп Марчэла Сэмерара і біскуп Марка Мэліна.

Трэба нагадаць, што раней праект новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі, папярэдняя назва якой – “Praedicate evangelium”, быў зацверджаны Радай кардыналаў і адпраўлены нацыянальным біскупскім канферэнцыям, сінодам Усходніх Цэркваў, дэпартаментам Рымскай курыі, канферэнцыям вышэйшых манаскіх настаяцеляў і некаторым папскім універсітэтам. Усе яны даслалі ў Ватыкан свае заўвагі і прапановы.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 верасня 2019, 13:07