_DSC4723.JPG

Пантыфік: для сучаснага медыка важны код каштоўнасцей

“Медыцына па сваёй прыродзе служыць чалавечаму жыццю”, - сказаў Папа, звяртаючыся да прадстаўнікоў Італьянскай федэрацыі саюзаў хірургаў і стаматолагаў, якіх прыняў 20 верасня 2019 г. у Ватыкане.

Святы Айцец заклікаў медработнікаў ставіцца да хваробы не толькі як да клінічнага выпадку, але і як да стану асобы, ушаноўваючы яе годнасць і непаўторнасць, духоўную і фізічную цэласнасць. Для гэтага ўрачы павінны валодаць не толькі тэхнічнымі і прафесійнымі ведамі, але і кіравацца кодам каштоўнасцей, ператвараючы кожны клінічны выпадак у магчымасць для чалавечых здносін.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць таго, каб ва ўмовах змен у медыцыне і грамадстве работнікі сферы аховы здароўя не выпускалі з-пад увагі ўнікальнасць кожнага пацыента. Ён заклікаў іх суправаджаць хворых сумленна, разумна і сардэчна, асабліва ў самых складаных сітуацыях. З такім стаўленнем, падкрэсліў Папа, можна і трэба адхіляць спакусу выкарыстання медыцыны для задавальнення магчымага жадання смерці пацыента, садзейнічання самагубству або непасрэднага давядзення да смерці праз эўтаназію.

Францішак узгадаў энцыкліку св. Яна Паўла ІІ Evangelium vitae, дзе гаворыцца пра ўзросшую сёння адказнасць медыцынскіх работнікаў, якая чэрпае глыбокае натхненне і вялікую падтрымку з уласцівага і неад’емнага этычнага вымярэння іх прафесіі. Менавіта на гэта паказвае даўняя і заўсёды актуальная клятва Гіпакрата, згодна з якой кожны лекар закліканы працаваць з максімальнай павагай да жыцця чалавека і яго цэласнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 верасня 2019, 15:21