Cerca

Vatican News

Пантыфік на Маўрыкіі: не пазбаўляць Касцёл маладога аблічча

Жыць евангельскімі Благаслаўленнямі, што будзе з’яўляцца доказам хрысціянскай тоеснасці, заахвоціў Папа 9 верасня 2019 г. маўрыкійскіх вернікаў падчас св. Імшы ў Порт-Луі.

Касцёл Маўрыкія адзначае 9 верасня літургічны ўспамін бл. Жака-Дезірэ Лаваля, якога тут называюць “апосталам адзінства”.

Францішак падкрэсліў, што для благаслаўлёны разумеў евангелізацыю, як уменне быць усім для ўсіх. “Ён збіраў вернікаў і фарміраваў іх для місіі і стварэння невялікіх хрысціянскіх супольнасцей у бліжэйшых раёнах, гарадах і вёсках, многія з якіх сталі асновай для цяперашніх парафій. Ён клапаціўся пра тое, каб самыя бедныя сталі першымі, хто ўмее самаарганізавацца і знайсці адказы на свае пакуты”, - нагадаў Францішак. Ён адзначыў, што сёння трэба працягваць справу Лаваля, і адначасова перасцярог ад пошуку мірской бяспекі і заахвоціў да настойлівасці.

Пантыфік падкрэсліў неабходнасць уключэння маладых людзей у працу па евангелізацыі, даючы ім месца ў касцёльнай супольнасці і грамадстве. Ён заўважыў, што многія з іх сёння становяцца ахвярамі беспрацоўя і нявызначанасці. “Мы павінны заахвочваць моладзь знаходзіць сваё шчасце ў Езусе; аднак не бясплодным чынам ці на адлегласці, але вучачыся, як даць ім месца, ведаючы іх мову, слухаючы іх гісторыі, жывучы побач з імі, дапамагаючы ім адчуваць сябе благаслаўлёнымі Богам. Не варта пазбаўляць Касцёл і грамадства маладога аблічча; не дазволім гандлярам людзьмі скрасці першыя плады гэтай зямлі!”, - звярнуўся Францішак.

Папа заклікаў будаваць салідарнасць паміж людзьмі. Ён звярнуў увагу на неабходнасць сведчання пра радасць хрысціянскага жыцця і клопату пра развіццё паклікання да святасці ў многіх формах жыцця, якія прапануе Дух Святы.

Францішак запрасіў вернікаў Маўрыкія да малітвы, каб Бог дакрануўся да сэрца многіх мужчын і жанчын іх зямлі, а Яго навізна аднавіла жыццё мясцовага Касцёла. Ён падкрэсліў у гэтым ролю Духа Святога, Які з моцай склікае і будуе Касцёл.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 верасня 2019, 13:04