Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: ісці за Езусам з лёгкасцю, як апостал Мацвей

18 верасня 2019 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, Папа заклікаў вернікаў узяць прыклад з св. Мацвея і прысвяціць жыццёвыя рэсурсы, у тым ліку і матэрыяльныя, служэнню Хрысту.

“У наступную суботу – свята св. Мацвея, апостала і евангеліста. Пераймайце яго гатоўнасць ісці за Езусам з лёгкасцю. Ён быў прывязаны да грошай, прадаў за грошы сваю Радзіму! Пан паклікаў яго, і ён пакінуў усе грошы, каб ісці за Езусам. Яго навяртанне – прыклад для ўсіх, і таму, як ён, мы можам жыць як сапраўдныя вучні Пана, здольныя адмовіцца ад разлікаў свету”, - звярнуў увагу Францішак.

У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: “Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім”.

Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя – Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 верасня 2019, 11:03